Хто з чыноўнікаў павіншаваў беларусаў з Днём роднай мовы? Паглядзелі ў іх сацсетках
22.02.2023 / 17:8
Для некаторых прафесійнае свята супрацоўнікаў КДБ і Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі аказаліся больш важнымі.
Лілія Ананіч
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў сваім профілі ў інстаграме не віншавала з Днём роднай мовы.
Затое сярод папярэдніх віншаванняў у Ананіч — пост з нагоды Дня яднання народаў Расіі і Беларусі.
Скрын старонкі сацсетак
Алег Гайдукевіч
Не віншаваў з Днём роднай мовы беларусаў і cтаршыня ЛДПБ.
У яго стужцы можна знайсці віншаванне з прафесійным святам супрацоўнікаў КДБ.
«Агентам КДБ быць ганарова! Ганарыцеся, што вы агент КДБ!Шчыра са святам усіх, хто датычны да гэтай службы!» — пісаў ён.
Скрын старонкі сацсетак
Таксама дэпутат віншаваў беларусак з Днём маці.
Скрын старонкі сацсетак
Ёсць у Гайдукевіча пост з віншаваннем з нагоды Дня народнага адзінства.
Скрын старонкі сацсетак
Вольга Чамаданава
Начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама таксама не стала віншаваць з Днём роднай мовы.
У яе інстаграме сярод віншавальных пастоў, напрыклад, ёсць прысвечаны рэлігійнаму святу — Вадохрышчу.
Скрын старонкі сацсетак
«Духоўнае і патрыятычнае выхаванне ў Год міру і стварэння. У храме-помніку ў гонар Усіх Святых у рамках гарадскога праекта адказалі на пытанні моладзі. Усіх з Вадохрышчам! Моцнага здароўя, Божай дапамогі ва ўсіх пачынаннях!» — напісала яна.
Марына Лянчэўская
З нагоды Дня роднай мовы выклала пост у інстаграме дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская.
Скрын старонкі сацсетак
«Калі ў вас падрастаюць дзеці, то з беларускай мовай вы так ці іначай сутыкаецеся амаль кожны дзень падчас дапамогі ў выкананні хатніх заданняў. Ну, а для іншых Дзень роднай мовы (а гэта аккурат сёння) — выдатны шанец яе ўспомніць і папрактыкавацца.
І хоць у нашай краіне канстытуцыйна ўстаноўлена двухмоўе, шмат якія важныя дакументы рыхтуюцца на беларускай мове. Тыя ж хадайніцтвы на ўзнагароджанне на дзяржаўным узроўні і нават законы пішуцца на абедзвюх мовах. З улікам нацыянальнай разнастайнасці нашага этнічнага складу існаванне двухмоўя, аднолькавая павага да абедзвюх моў — сапраўдны здабытак нашай дзяржавы.
Таму беларускую мову трэба вучыць, любіць і карыстацца ёю. У ідэале — не толькі сёння. Так лічу: калі ты жывеш на гэтай тэрыторыі і завешся беларусам, то павінен ведаць і беларускую мову. Яна — частка нашай ідэнтычнасці, залог суверэнітэту і незалежнасці», — напісала яна.
Аляксей Багданаў
Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю актыўна карыстаецца сацсеткамі і публікуе шмат фота з працоўных мерапрыемстваў. Але з Днём роднай мовы ўчора ён не віншаваў.
Апошні святочны пост у Багданава — навагодні.
Скрын старонкі сацсетак
Аляксандр Лук'янаў
Першы сакратар БРСМ пост з нагоды Дня роднай мовы не размяшчаў. Затое знайшоў час у канцы гэтага дня павіншаваць Ваенную камендатуру мінскага гарнізона са 105-годдзем з дня ўтварэння Узброеных Сіл.
Скрын старонкі сацсетак
Марына Васько
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы ў Дзень роднай мовы апублікавала верш Уладзіміра Дубоўкі.
«Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі,
Ты самацветаў яскравая нізка».
Скрын старонкі сацсетак