МЗС Польшчы расказала, што павінна здарыцца для паляпшэння адносін Варшавы і Мінска
12.08.2023 / 13:3
Пасыл Аляксандра Лукашэнкі пра паляпшэнне адносін важны для Польшчы, але для гэтага павінен быць выкананы шэраг умоў, заявіў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Павел Яблоньскі.
Павел Яблоньскі. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski
«Калі Лукашэнка сапраўды хоча палепшыць адносіны з Польшчай, ён можа зрабіць гэта вельмі простым спосабам. <…> Спыніце нападаць на нашу мяжу, вызваліце Андрэя Пачобута і больш за 1000 палітвязняў… перастаньце сеяць нянавісць, спыніце гібрыдную вайну супраць Польшчы», — цытуе словы чыноўніка «Позірк».
У той час, калі Лукашэнка кажа пра неабходнасць палепшыць стасункі, адзначыў віцэ-міністр, «адбываюцца напады на польскую мяжу», таму яго словы — гэта «пустая балбатня».
Падчас наведвання нацыянальнага аэрапорта Мінск 11 жніўня Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць аднавіць стасункі з ЕС, але з улікам «уласных інтарэсаў». Сярод іншага ён выказаў жаданне наладзіць кантакт з Польшчай, маўляў, ён даваў адпаведнае заданне прэм'еру Галоўчанку.
«І з палякамі трэба размаўляць. Я даручыў прэм'ер-міністру звязацца з імі. Калі яны хочуць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Мы суседзі, а суседзяў не выбіраюць, яны ад Бога. Але ў іх 15 кастрычніка парламенцкія выбары, і, вядома, ім трэба цяпер нагнятаць, нагнятаць абстаноўку для таго, каб паказаць, што яны правільна ўзбройвалі і пераўзбройвалі краіну. Таму да 15 кастрычніка яны наўрад ці пойдуць на нейкія істотныя змены, выгадныя ім і нам. Яны шмат чаго патрабуюць ад нас і просяць, але мы на гэта пайсці не можам, бо гэта супярэчыць нашым інтарэсам», — выказаўся так учора Лукашэнка.
Чытайце таксама:
Лукашэнка даручаў Галоўчанку «звязацца з палякамі»
Польшча не адновіць пасажырскіх чыгуначных зносін з Беларуссю як мінімум да снежня 2024 года