Затрымалі хлопца, які напісаў у твітары «фу, са мной у трэнажорцы Азаронак». Той прыйшоў да затрыманага ў ГУБАЗіК, каб паглуміцца
13.09.2023 / 17:17
Нядаўна хлопец вярнуўся з Еўропы, цяпер супраць яго завялі крымінальныя справы.
Андрэй Гурэўскі. Фота: ягоны інстаграм
Затрыманага хлопца, калі верыць сацсеткам, зваць Андрэй Гурэўскі (спачатку ягоныя старонкі былі на прозвішчы «Пацэвіч»). Яму 24 гады і родам ён з Наваполацка. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.
Тры дні таму хлопец напісаў у сваім твітары: «Фу, Божа, са мной у трэнажорцы Азаронак». Гэты твіт шырока разышоўся.
Азаронак ходзіць у залу Gym24, якая знаходзіцца каля «Белай Вежы» ў Мінску.
Імаверна, Андрэя затрымалі на наступны дзень, 11 верасня.
Скрыншот з канала Рыгора Азаронка
Пасля затрымання хлопца ГУБАЗіКам Азаронка адмыслова выклікалі да затрыманага, які сядзеў у наручніках, каб паглуміцца.
«Фу, са мной побач змагар», — пачынае Азаронак гутарку. Пасля гэтага ён пачаў чытаць Андрэю «пацанскую мараль»: маўляў, трэба было падыходзіць і казаць у твар. Насамрэч, Азаронак даносіць на тых, хто яму нешта кажа ў твар ці чапляе яго. Вялікую вядомасць атрымаў суд над 48-гадовай перакладчыцай Вольгай Калацкай, якая дала яму дзве аплявухі за яго правакацыйныя паводзіны, што, як гаварылася ў абвінавачанні, «прычыніла яму фізічны боль».
Андрэй Гурэўскі і Рыгор Азаронак у кабінеце ГУБАЗіКа. Фота: тэлеграм-канал ГУБАЗіКа
Паведамляецца, што супраць хлопца завялі крымінальную справу за тое, што ён нібыта пісаў у боты «Нехты» і «Беларусі галаўнога мозга». Цяжка сказаць, ці гэта праўда, ці фальсіфікацыя палітычнай паліцыі.
На камеру Гурэўскага ставілі на калені. А Азаронак падарыў яму кнігу Дастаеўскага, пажадаўшы стаць «манархістам і добрым чалавекам пасля катаргі».
Чытайце таксама:
Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў
Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў ВІДЭА