Шарль Мішэль вырашыў датэрмінова пакінуць пасаду старшыні Еўрапейскай рады. Яго часова можа замяняць Віктар Орбан
7.01.2024 / 12:13
Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль паведаміў СМІ, што будзе балатавацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты на еўрапейскіх выбарах 2024 года. Пасады кіраўніка Еўрасавета і члена Еўрапарламента нельга сумяшчаць.
Шарль Мішэль. Скрыншот з відэа
«Калі мяне абяруць, я буду выконваць свае абавязкі старшыні Еўрапейскай рады датуль, пакуль не прыму прысягу ў якасці чальца Еўрапейскага парламента ў сярэдзіне ліпеня», — цытуе De Standaard словы Мішэля.
Тэрмін паўнамоцтваў Мішэля ў якасці старшыні Еўрапейскай рады заканчваецца ў лістападзе 2024 года, а выбары ў Еўрапарламент пройдуць у ліпені. У сувязі з тым, што пасады кіраўніка Еўрасавета і члена Еўрапарламента нельга сумяшчаць, Мішэль, у выпадку абрання, пакіне сваю пасаду датэрмінова.
У сувязі з гэтым еўрапейскія лідары павінны будуць узгадніць яго пераемніка. Калі гэтага не атрымаецца своечасова зрабіць, то старшынства ў еўрапейскай Радзе часова пяройдзе да прэмʼер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, бо Венгрыя будзе старшынстваваць у Радзе ЕС з ліпеня 2024 года да снежня.
Чытайце таксама:
Пуцін павіншаваў з Новым годам толькі трох еўрапейскіх лідараў. І Лукашэнку
Чэшскі міністр назваў Орбана траянскім канём, які працуе на карысць Расіі
Шольц прапанаваў Орбану выйсці на каву, пакуль абмяркоўваецца шлях Украіны ў ЕС