Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы патлумачыў, якіх беларусаў лічыць пагрозай для краіны
2.02.2024 / 20:38
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы адмовіўся каментаваць, якім чынам былы маёр беларускай міліцыі Аляксандр Маціевіч атрымаў часовы дазвол на жыхарства ў Літве, аднак папярэдзіў, што рэзкае павелічэнне плыні імігрантаў з Беларусі стварае гэтай краіне дадатковыя пагрозы і рызыкі, паведамляе LRT.
Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
«Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі не каментуе асобныя выпадкі, але адзначае, што неаднаразова папярэджваў пра рызыкі і пагрозы, звязаныя з рэзкім павелічэннем плыні эмігрантаў з Беларусі», — гаворыцца ў каментарыі ДДБ.
Як адзначае ведамства, не выключана, што некаторыя з тых, хто падае даныя дзяржаўным установам, спрабуюць схаваць інфармацыю пра сваю службу або працоўныя адносіны.
«Паводле звестак ДДБ, большасць мігрантаў з Беларусі — эканамічныя мігранты, і толькі частка беларусаў, якія жывуць у Літве, удзельнічае ў розных апазіцыйных мерапрыемствах. Гэта адкрывае перад беларускімі спецслужбамі магчымасці для пашырэння сваёй дзейнасці і выкарыстання лаяльных рэжыму асоб супраць інтарэсаў Літвы», — гаворыцца ў каментары.
Дэпартамент паведаміў, што ў мінулым годзе ён правёў у агульным ліку 121 577 ацэнак пагроз, якія паходзяць ад іншаземцаў, а ў дачыненні да 1415 чалавек падаў у Дэпартамент міграцыі заключэнні аб тым, што іх знаходжанне ў Літве ўяўляе пагрозу бяспецы дзяржавы. Каля 80% гэтых асобаў з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі, і большасць з іх, маўляў, звязаныя з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
Сувязі з рэжымам вызначаюцца на фармальнай аснове:
«Сярод тых беларусаў, пражыванне якіх у Літве ўяўляе пагрозу бяспецы, каля 60% працавалі ў сістэме ўнутраных спраў або дзяржаўных установах, каля 30% служылі ва Узброеных сілах, да 10% працавалі ў вайсковай прамысловасці або на іншых стратэгічных аб'ектах», — заявілі ў ДДБ.
Як сцвярджае Дэпартамент, высновы пра пагрозу, якую ўяўляюць замежныя грамадзяне для бяспекі дзяржавы, робяцца нібыта з улікам наяўнай разведвальнай інфармацыі і іншых даных.
Чытайце таксама: