«Палітыкам трэба праяўляць адказнасць, а беларусы павінны інтэгравацца». Ціханоўская пракаментавала кейс Маціевіча
3.02.2024 / 22:0
Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская дала інтэрв'ю літоўскаму радыё LRT адносна нядаўняга выяўлення ў Літве былога міліцыянта з Ліды Аляксандра Маціевіча, які ўдзельнічаў у задушэнні пратэстаў у Беларусі.
Святлана Ціханоўская. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
Каментуючы сітуацыю, Ціханоўская адзначыла, што менавіта беларуская апазіцыя дапамагла знайсці ў Вільні былога маёра міліцыі. Беларусы, якія пражываюць у Літве, першымі зацікавіліся гэтым чалавекам і звярнуліся да ініцыятывы Belpol.
Святлана Ціханоўская пагадзілася, што праблема наяўнасці такіх людзей ёсць, але пра вялікую іх колькасць у Літве казаць нельга:
«Трэба сказаць, што такія людзі, вядома, могуць прадстаўляць пагрозу для беларускай супольнасці, таму што яны, магчыма, збіраюць інфармацыю пра палітычных актывістаў, журналістаў, але я не думаю, што мы можам казаць пра вялікую колькасць такіх агентаў. На прыкладзе гэтага маёра было даказана, што беларуская грамада сама здольная іх ідэнтыфікаваць», — падкрэсліла Ціханоўская.
Прадухіленне падобных выпадкаў, паводле яе — пытанне ўзаемнага супрацоўніцтва.
«Нам трэба больш супрацоўнічаць, абменьвацца інфармацыяй. Вядома, нашыя беларускія каналы адкрытыя для ўсіх, хто нешта правярае ў «Акропалісе» ці яшчэ дзе-небудзь», — запэўніла Святлана Ціханоўская, яшчэ раз падкрэсліўшы, што выпадак Маціевіча — нетыповы.
«Сумняюся, што такіх, як гэты чалавек, шмат, таму што большасць беларусаў, якія жывуць у Літве, ратуюцца ад рэпрэсій. Вядома, мы павінны разумець, што рэжым не дрэмле і можа засылаць шпіёнаў для сачэння за беларускімі актывістамі, простымі беларусамі. Я не думаю, што іх колькасць вельмі вялікая, але мы павінны быць пільныя», — пагаджаецца беларуская лідарка.
Яе вельмі турбуе, што, прынамсі, у часткі літоўскага грамадства паступова нарастае незадаволенасць у сувязі з прыездам у Літву вялікай колькасці беларусаў, а таксама ў сувязі з тым, што яны не вучаць літоўскую мову:
«Ужо былі выпадкі, калі пашкоджвалі маёмасць беларусаў, калі на іх адрас гучалі пагрозы і хэйтспіч. Некаторыя літоўцы думаюць, што ўсе беларусы, якія сюды прыбываюць — нібы агенты рэжыму, але я думаю, што большасць людзей, якія сюды прыехалі, бягуць ад рэпрэсій, яны не могуць вярнуцца дадому».
Выхад з гэтай сітуацыі яна бачыць у большай інфармаванасці і пашырэнні ўзаемных кантактаў:
«Я думаю, што многія літоўцы мала ведаюць пра беларусаў, а беларусы мала ведаюць пра літоўцаў, таму найлепшы спосаб палепшыць адносіны — гэта больш супрацоўнічаць і мець зносіны, арганізоўваць сумесныя мерапрыемствы.
Я думаю, што палітыкам трэба праяўляць адказнасць і не выкарыстоўваць трагедыю беларускага народа як карту ў палітычнай гульні. Беларусы ж павінны быць больш цярплівымі, разумець асцярогі літоўцаў і інтэгравацца ў літоўскае грамадства».
«Беларусы ўжо ўнеслі вялікі ўклад, напрыклад, у эканоміку Літвы. Мы павінны сумесна вырашаць праблемы бяспекі, выяўляць агентаў рэжыму, як гэта адбылося і ў дадзеным выпадку», — падсумавала Святлана Ціханоўская.
Чытайце таксама:
Сілавік, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях, аказаўся ў Еўропе. Ці маглі яго там затрымаць?
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы патлумачыў, якіх беларусаў лічыць пагрозай для краіны