Дзве парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы пераходзяць на новаюліянскі каляндар
24.02.2024 / 20:53
Першаіерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіяпіскап Святаслаў Логін паведаміў Радыё Свабода, што ад заўтра, 25 лютага 2024 года, дзве парафіі ягонай царквы ў ЗША пераходзяць на новаюліянскі каляндар.
Прыход святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Фота: bielarus.info
Дзве парафіі, якія вырашылі перайсці на новаюліянскі каляндар, — гэта парафіі Катэдральнага сабора святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк, ЗША) і Жыровіцкае іконы Божае Маці ў Гайлэнд-Парку (Нью-Джэрсі, ЗША).
Дагэтуль абедзве парафіі прытрымліваліся юліянскага календара, хоць Амерыканская праваслаўная царква, якая атрымала ў 1970 годзе незалежнасць ад Рускай праваслаўнай царквы, пераважна трымаюцца новаюліянскага календара.
Вернікі, якія не захочуць браць удзел у набажэнствах паводле новаюліянскага календара, маюць права перайсці ў тыя парафіі БАПЦ, якія застануцца на старым календары.
Паводле першаіерарха БАПЦ, кожная парафія можа вызначыць, ці пераходзіць ёй на новае летазлічэнне — для гэтага трэба мець не звычайную большасць (як пры галасаванні па адміністрацыйных царкоўных пытаннях), а пераважную большасць вернікаў. Паводле архіепіскапа Логіна, гэта робіцца для таго, каб унікнуць расколу сярод парафіянаў альбо адыходу вернікаў з БАПЦ.
Пры прыняцці гэтага рашэння было ўлічана тое, што беларускія праваслаўныя вернікі з Нью-Ёрку і яго наваколля пры патрэбе могуць наведваць парафію БАПЦ у Квінсе (таксама ў Нью-Ёрку), якая вядзе набажэнствы паводле старога стылю.
Таксама і ў штаце Нью-Джэрсі побач з парафіяй у Гайлэнд-Парку ёсць беларуская праваслаўная парафія Сусветнага патрыярхату ў горадзе Саўт-Рывер, якая таксама трымаецца юліянскага календара.
На сённяшні дзень большасць памесных праваслаўных цэркваў перайшлі на новаюліянскі праваслаўны каляндар, у якім нерухомыя святы адзначаюцца паводле новага стылю, а рухомыя, такія як Вялікдзень, паводле старой пасхаліі.
На старым юліянскім календары засталіся наступныя праваслаўныя цэрквы свету: Ерусалімская, Руская (у тым ліку Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхата), Сербская і Польская.
Летась на новаюліянскі каляндар перайшла наваствораная беларуская праваслаўная парафія Сусьветнага патрыярхату ў Вільні.
27 лістапада 2023 года адбылася сустрэча першаіерарха БАПЦ архіепіскапа Святаслава Логіна з Канстанцінопальскім патрыярхам Варфаламеем у рэзідэнцыі Сусветнага патрыярхата ў Стамбуле (Турцыя).
У 2023 годзе на новаюліянскі каляндар перайшлі аўтакефальная Праваслаўная царква Украіны і Украінская грэка-каталіцкая царква.