Расійскія вайскоўцы ва Украіне падзякавалі за дапамогу некалькім беларускім манастырам. Сярод іх тыя, якія раней не свяціліся
28.02.2024 / 23:0
Расійскія прапагандысцкія каналы распаўсюджваюць відэа, на якім вайскоўцы расійскай арміі, што знаходзяцца ва Украіне, дзякуюць за дапамогу беларускім праваслаўным манастырам, заўважыў тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга».
«Выказваем вялікую падзяку матушцы Гаўрыіле за адпраўленую гуманітарную дапамогу, прыхаджанам манастыроў Гродзенскага, Навагрудскага, Жыровіцкага. У асобе ігуменні нас падтрымлівае ўся праваслаўная Беларусь», — зачытвае на камеру тэкст з паперкі адзін з чатырох байцоў расійскіх падраздзяленняў, з цяжкасцю разбіраючы і блытаючы відавочна незнаёмыя яму беларускія назвы.
Сярод рэчаў, якія ўваходзяць у гуманітарную дапамогу, салдат пералічвае плашчы, дажджавікі, салодкія падарункі і іконы.
Трэба адзначыць, што ў Гродзенскім Свята-Раства-Багародзіцкім жаночым манастыры, якім ужо больш за 30 гадоў кіруе ігумення Гаўрыіла, свайго ўдзелу ў дапамозе расійскім вайскоўцам ніколі не хавалі. А вось таксама згаданыя Навагрудскі (Лаўрышаўскі) і Жыровіцкі манастыры раней сваёй актыўнай падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне, прынамсі адкрыта, здаецца, не афішавалі.
Чытайце таксама:
Свята-Елізавецінскі манастыр правёў чарговы Z-канцэрт пад расійскімі трыкалорамі
Святар Лемяшонак назваў расійскіх акупантаў мучанікамі, а свой манастыр — малітоўнай «крэпасцю» Русі