БЕЛ Ł РУС

Расійскі спартсмен, які выступае за Беларусь, заявіў, што яму прапаноўвалі «збегчы на Захад»

30.05.2024 / 20:18

Nashaniva.com

Гаворыць, што яму прапаноўвалі грамадзянства і грошы.

Мацвей Волкаў (справа). Фота: СБ

Расійскі скакун з шастом Мацвей Волкаў, якому праракалі статус зоркі, перайшоў у зборную Беларусі ў 2020 годзе — тады яму было 16 гадоў. У складзе беларускай каманды ён паспеў выйграць моладзевы чэмпіянат свету-2021. А затым пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і беларускіх лёгкаатлетаў разам з расіянамі адхілілі ад міжнародных стартаў.

У той момант, як расказвае Мацвей, яму прапанавалі «збегчы на Захад», піша «СБ».

«Пасля пачатку СВА нам патэлефанаваў прадстаўнік фірмы Puma, з якой у Мацвея кантракт. Кажа: «Збірайце рэчы і пераязджайце на Захад. Усё зробім у найлепшым выглядзе: дамо грамадзянства, грошы, жыллё, забяспечым старты…», — расказаў Волкаў.

Спартсмен сцвярджае, што адмовіўся ад гэтай прапановы. У якую краіну яму прапаноўвалі пераехаць, ён не паведаміў.

Мацвей Волкаў змяніў спартыўнае грамадзянства з падачы бацькі, срэбнага прызёра Алімпіяды-1980 у гэтым жа відзе Канстанціна Волкава. У Расіі падчас пандэміі Мацвею не дазвалялі трэніравацца так, як ён хацеў, таму сям'я вырашыла перабрацца ў Беларусь, дзе ніякіх абмежаванняў не было.

Акрамя таго, Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі была адхіленая з-за допінгавых скандалаў, атлетам трэба было атрымліваць допуск у якасці нейтральных. У Беларусі такіх праблем не існавала.

Волкаў на той момант быў рэкардсменам свету сярод юнакоў, таму такі «трансфер» беларускую федэрацыю цалкам задавальняў. Бацька Мацвея нават заяўляў, што ў хуткай будучыні ягоны сын абавязкова паб'е сусветны рэкорд. Аднак пасля пачатку вайны Волкаў, як і ўся зборная Беларусі, страціў магчымасць выступаць на міжнародных спаборніцтвах.

Цяпер 20-гадовы Мацвей актыўна раздае інтэрв'ю, у якіх крытыкуе Міжнародную федэрацыю лёгкай атлетыкі, называе яе палітызаванай і заклікае рэфармаваць увесь від спорту.

Чытайце таксама:

Вядучая спартовых навін на БТ пераехала з мужам у Ізраіль

Скакун Максім Недасекаў пра Алімпіяду: Як беларусы паедуць у Парыж? Дзе будуць жыць? І на пратэсты нельга заплюшчваць вочы

21-гадовы літоўскі атлет пабіў сусветны рэкорд, які трымаўся 38 гадоў. І можа пабіць алімпійскі рэкорд свайго бацькі

Каментары да артыкула