БЕЛ Ł РУС

Цана былой каралеўскай рэзідэнцыі ў Гродне за два месяцы ўпала ў два разы. Ніхто не хоча купляць

9.09.2024 / 14:59

Nashaniva.com

Сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Панямуні паспрабуюць прадаць з аўкцыёну трэці раз за апошнія тры месяцы. Стартавая цана зніжаная ў параўнанні з ліпенем на 50% і цяпер складае 175 500 рублёў. Прыкладна столькі каштуе трохпакаёвая кватэра ў спальным раёне Гродна, піша hrodna.life.

Сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Панямуні. Фота: Hrodna.life

У рэальнасці нават калі пакупнік будзе адзін, ён заплаціць больш: дадатковыя 5% ад цаны плюс падатак на дададзеную вартасць.

Будынак пад аховай дзяржавы і яго змогуць канфіскаваць

Будынак на вуліцы Прагулачнай 15/1 з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Плошча нерухомасці — 271,2 кв.м. Пакупнік будзе абавязаны падпісаць ахоўныя абавязальніцтвы. А калі ён не выканае ўмовы аўкцыёну, то дзяржава зможа канфіскаваць маёмасць. Афіцыйнае прызначэнне будынка — для размяшчэння ў ім культурна-асветніцкай установы.

Прадае гісторыка-культурную каштоўнасць ААТ «Гроднапрамтэхніка».

Як зніжалася цана на былы каралеўскі палац

Упершыню сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тыс. рублёў. Наступным разам аб’ект паспрабавалі прадаць у ліпені 2024 года за 351 тыс. рублёў. Чарговы аўкцыён меў прайсці ў жніўні з паніжэннем цаны да 315 тыс. рублёў. Але і ён не прыцягнуў патэнцыйнага інвестара.

Што гэта за сядзіба

Сядзібу ў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належала Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім. Пасля 1945 года ў памяшканнях, якія прадаюцца, доўгі час знаходзіўся клуб мясцовай «Сельгастэхнікі». Там былі кіназала і бібліятэка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула