Сталі вядомыя новыя дэталі затрымання акцёраў РТБД
23.10.2024 / 21:1
У тэатры працягваецца вымушаная замена спектакляў: у афішы на гэты месяц амаль палова раней запланаваных пастановак замененая на іншыя.
Сцэна са спектакля «Карней» паводле твораў Уладзіміра Караткевіча, які мусіў быць паказаны 23 кастрычніка, але быў заменены на «Вечар». Фота: rtbd.by
Па інфармацыі крыніцы «Нашай Нівы», трох акцёраў з асноўнага складу РТБД асудзілі на суткі па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) — іх затрымлівалі амаль адначасова ў розных месцах.
Таксама, па інфармацыі нашага суразмоўцы, затрымалі адну з былых кіраўніц тэатра. Яшчэ адну актрысу затрымлівалі, але адпусцілі да дзіцяці.
Сёння стала вядома пра чарговыя ракіроўкі ў раскладзе: запланаваны на 29 кастрычніка спектакль «Пачупкі» замяняюць на «Хатыня». А замест спектакля «Калека з вострава Інішман» 30 кастрычніка пакажуць «Вось я і прыйшла!».
Абазнаныя людзі выказваюць здагадку, што рэпрэсіі ў тэатры могуць быць звязаныя з новай дырэктаркай: месца звольненай летам Святланы Карукінай сёння займае Святлана Навуменка.
«Наколькі ведаю, не асабліва новая дырэктарка хоча пакінуць старыя спектаклі», — падзяліўся адзін з суразмоўцаў.
Пры гэтым сярод адмененых спектакляў — адны з самых касавых і папулярных, на некаторыя з іх квіткі лавіліся месяцамі. Таму некаторыя гледачы былі незадаволеныя зменамі ў афішы і ў выніку ці здавалі, ці перапрадавалі свае квіткі на доўгачаканыя імпрэзы.
Так выглядае цяпер афіцыйны акаўнт тэатра ў інстаграме
Пасля 2020 года РТБД страціў частку вядомых акцёраў — так, Андрэй Новік і Мікалай Стонька звольніліся ў знак пратэсту. Ілля Ясінскі быў вымушаны з'ехаць з краіны пасля таго, як яго затрымалі на адным з маршаў і зламалі пазванкі. Таксама ў канцы 2021 года з тэатра быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальваў РТБД з 2012 года.
Чытайце таксама:
У РТБД пасля затрымання акцёраў адмяняюць самыя касавыя спектаклі
«Чаго вам не хапала? Жыві — не хачу!» Паглядзелі «Экстрэмісты» — новы спектакль «Купалаўцаў»