БЕЛ Ł РУС

Таксістам у Мінску паведамілі, што ў дзень выбараў не будзе інтэрнэту

17.01.2025 / 15:37

Nashaniva.com

Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі таксісты з розных службаў.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Па словах таксістаў, адміністрацыя папярэдзіла іх, што 26 студзеня, у дзень выбараў, могуць адключаць інтэрнэт.

Цяжка сказаць, ці гэта канчатковае рашэнне ўладаў або яго будуць прымаць у залежнасці ад таго, ці здарацца акцыі пратэсту альбо як будзе праходзіць галасаванне.

Прэзідэнцкія выбары гэтага года праходзяць па строга прадвызначаным уладамі сцэнары. Ніводзін некантраляваны ўладамі кандыдат не дапушчаны да выбарчага працэсу, а асноўныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2020 года зняволеныя або выціснутыя ў эміграцыю, як і імаверная пераможца тых выбараў — Святлана Ціханоўская.

У краіне працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі. 

Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Аляксандра Жукава, было зафіксавана больш за 22 500 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх з гэтых крымінальных спраў праходзяць шматлікія фігуранты.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Людзі паведамляюць пра тое, што «прафілактычнымі мерапрыемствамі» перад выбарамі ахопленая гіганцкая колькасць людзей.

У міліцыю або да кіраўніцтва ўстаноў і прадпрыемстваў выклікаюць усіх, хто меў у мінулым затрыманні па палітычных артыкулах ці іншыя падставы для сачэння за сабой.

Характар «прафілактычных гутарак» адрозніваецца і залежыць ад таго, хто іх праводзіць. У большасці выпадкаў, якія вядомыя «Нашай Ніве», яны мелі фармальны характар, а міліцыянтам ці службовым асобам, што іх праводзілі, «было сорамна», як выказаўся адзін з людзей, з якімі мы гаварылі.

Аднак часам людзі пападаюць і на азлобленых сілавікоў, якія крычаць і пагражаюць. Так, адна з жанчын, з якімі размаўляла «НН», расказала, што «мяне, немаладую, не чапалі, мой [саромеўся] на мяне вочы падняць, а за сценкай іншы так крычаў на дзяўчынку, што яна плакала». Гэта адбывалася ў аддзяленні міліцыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула