Літва перадасць Украіне тры аўтамабілі, канфіскаваныя ў беларусаў за кантрабанду цыгарэт
21.01.2025 / 19:12
Супрацоўнікі Мытнай службы Літвы на мінулым тыдні канфіскавалі ў грамадзян Беларусі тры аўтамабілі, у якіх перавозілі кантрабандныя цыгарэты, паведамляе прэс-служба ведамства.
Мытная служба Літвы адзначыла, што інцыдэнт адбыўся ў пункце пропуску «Меднікі» (з беларускага боку — «Каменны Лог»).
Усяго беларусы спрабавалі ўвезці ў Літву больш за 3 тысячы пачкаў цыгарэт. Іх выявілі пры дапамозе рэнтгенаўскай праверкі ў розных месцах: у схованках пад сядзеннямі, пад парогамі аўтамабіля, пад пярэдняй панэллю прыбораў і інш.
Кошт кантрабандных цыгарэт ацанілі ў 13 573 еўра. На грамадзян Беларусі склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, ім пагражае штраф ад 2 да 6 тысяч еўра.
У прэс-рэлізе гаворыцца пра канфіскацыю аўтамабіляў BMW X5, BMW X6 і Mercedes-Benz.
«Такія аўтамабілі перадаюцца для патрэб Украіны», — падкрэслівае ведамства.
У 2024 годзе, паводле звестак мытнай службы, Літва перадала Украіне ў якасці гуманітарнай дапамогі 114 канфіскаваных аўтамабіляў.
Чытайце таксама:
Расійскія мытнікі затрымалі рэкордную партыю кантрабандных цыгарэт з Беларусі
У аэрапорце Сіцыліі затрымалі беларуса з чамаданамі цыгарэт