БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік візавага агенцтва патлумачыў у сацсетках «адкуль такія цэны на запіс на візу»

23.01.2025 / 15:4

Nashaniva.com

Гэтае пытанне задала карыстальніца Threads. У каментары прыйшоў чалавек, які прадставіўся кіраўніком візавага агенцтва і выказаў сваё бачанне праблемы.

Ён зазначае, што для кругласутачнага маніторынгу слотаў патрэбныя немалыя рэсурсы: вэб-сервер, сотні проксі, а таксама альбо свая нейрасетка, альбо платны сэрвіс па праходжанні капчы.

Таксама, па яго словах, большасць агенцтваў не мае сваіх ботаў, а карыстаецца паслугамі IT-контрагентаў, адсюль нацэнка ў сярэднім у 40-50%, бо «бізнэс не можа працаваць з маржой 0%, арандуючы офіс і плацячы заробак 5—10 супрацоўнікам, візавыя цэнтры пастаянна ўскладняюць працэдуру запісу, што дадае дзеянняў і чалавека-гадзін у гэты працэс, гэта павялічвае выдаткі, таму расце і кошт».

Кіраўнік агенцтва зазначае, што ў Беларусі традыцыйна вялікі попыт на шэнгенскія візы, так склалася гістарычна. «У працэнтных суадносінах гэта не параўнаецца нават з 140-мільённай Расіяй, але прапускная здольнасць ВЦ і агенцтваў не такая высокая, адпаведна, каб задаволіць попыт, бясконца растуць цэны на паслугі, пакуль іх людзі яшчэ гатовыя купляць».

Ён звяртае ўвагу, што не заўсёды запіс у сціснутыя тэрміны аказваецца магчымым і гэта не залежыць ад агенцтва. Большасць з іх у такіх выпадках дае вяртанне сродкаў, што перашкаджае планаванню бюджэту такога бізнэсу. І толькі магчымасць усталёўваць высокую маржынальнасць трымае прадпрымальнікаў у гэтай сферы, а заробак сярэдняга спецыяліста не перавышае 2500 рублёў у добры месяц.

«Гэта вельмі складаны і нестабільны бізнэс, які складана весці. мне гэтая сфера падабаецца па асабістых поглядах — падарожжа, візы, сэрвіс, продажу. Я стараюся трымаць цэны ніжэй рынкавых, максімальна аптымізуючы працоўны працэс. Напрыклад, мы адмовіліся ад офіса і сышлі ў digital — мне вельмі важная і каштоўная рэпутацыя майго агенцтва і асабістага брэнда», — рэзюмуе кіраўнік агенцтва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула