БЕЛ Ł РУС

Тур: Беларускія спецслужбы будуць падтрымліваць «апазіцыю да апазіцыі»

28.01.2025 / 13:43

Nashaniva.com

Спрыянне будзе «ад медыйнага да аператыўнага», абяцае звязаны са спецслужбамі прапагандыст.

Прапагандыст Ігар Тур напісаў пост, у якім заахвочвае апазіцыянераў у вымушанай міграцыі да супрацоўніцтва. Найперш яго цікавяць заклікі зняць санкцыі з рэжыму. 

«Тая апазіцыя да апазіцыі, якая адносна ўстойліва сфармавалася ў збеглых і мае намер ініцыяваць публічныя заклікі да ЗША і ЕС зняць аднабаковыя злачынныя санкцыі супраць Беларусі ў якасці разумнага першага кроку для выбудоўвання дыялогу, — працягвайце сваю палітычную дзейнасць, вашу працу бачаць і ацэньваюць», — піша Тур.

Ён дадае інтрыгі, кажучы, што такім людзям, хто выступае супраць санкцый, спецслужбы аказваюць дапамогу.

«Відавочна таксама (некаторыя нават проста ў курсе), што гэтай кааліцыі самавыгнаннікаў Радзіма аказвае садзейнічанне, ад медыйнага да аператыўнага. Межы для гэтага працэсу — наогул не праблема», — абяцае ён.

Прапагандыст кажа, што інтарэсы тых, хто выступае супраць санкцый, «сыходзяцца ў пункце, што банду / секту, якая выпрошвае санкцыі супраць Беларусі ці хаця б просіць дзейныя санкцыі не здымаць, — трэба гасіць. Не фізічна, само сабой», — са спецыфічным гумарам кажа Тур. 

На сёння існуюць дзве асноўныя групы, якія рэзка крытыкуюць Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку і выступаюць за безумоўнае зняцце санкцый з лукашэнкаўцаў.

Адна складаецца з Зянона Пазняка і Паўла Усава, якія ўтварылі рух «Вольная Беларусь».

Іншая гуртуецца вакол актывістаў былога штаба Віктара Бабарыкі і аргкамітэта партыі «Разам». Да іх належаць Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў, а таксама сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч. 

Супраць Ціханоўскай выступае таксама кола «Хартыі» і такія асобы, як Валер Цапкала і Дзмітрый Балкунец, але ў пытанні санкцый яны займаюць найбольш радыкальную пазіцыю і выступаюць за самыя рашучыя метады ўздзеяння.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула