Кітай пачаў прапаноўваць краінам сваё фінансаванне замест USAID
11.02.2025 / 18:8
Кітай прапануе краінам сваю дапамогу для рэалізацыі праграм, якія засталіся без фінансавання пасля рашэння адміністрацыі Дональда Трампа спыніць дзейнасць Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), паведамляе выданне Politico.
Кітайскі лідар Сі Цзіньпін. Фота: Lo Pool / Getty Images
Як паведамляе выданне, кітайскія чыноўнікі ўжо паведамілі ўраду Непала, стратэгічна важнай для Пекіна краіны на паўднёвых схілах Гімалаяў паміж Індыяй і Кітаем, пра гатоўнасць іх краіны замяніць праграмы USAID уласнымі праектамі развіцця.
Прадстаўнікі Астравоў Кука, архіпелага ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, на чале з прэм'ер-міністрам Маркам Браўнам на гэтым тыдні наведаюць Кітай, каб падпісаць пагадненне аб паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, уключаючы павелічэнне кітайскіх інвестыцый у развіццё інфраструктуры на гэтай астраўной тэрыторыі.
У Калумбіі няўрадавыя арганізацыі таксама паведамляюць пра зацікаўленасць Кітая ў замене замарожаных праграм USAID у краіне. Летась Калумбія атрымала ад USAID каля 385 млн даляраў.
Адзначаецца, што такія дзеянні Пекіна сведчаць пра намер скарыстацца сітуацыяй і як мага хутчэй паспрабаваць выцесніць ЗША з краін і рэгіёнаў, важных Кітаю для прасоўвання ўласных інтарэсаў.
Кангрэсмены ад Дэмакратычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў ЗША распрацавалі стратэгію, каб растлумачыць адміністрацыі Трампа пра патэнцыйнае ўзмацненне Кітая праз замарожванне замежнай дапамогі ЗША. Аднак рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў не выступаюць у абарону USAID і аднаўлення дапамогі.
21 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб прыпыненні на 90 дзён усіх праграм замежнай дапамогі з мэтай праверкі іх на прадмет адпаведнасці ягонай замежнай палітыцы. Ужо праз пару дзён быў выдадзены загад аб «спыненні працы» для ўсёй наяўнай замежнай дапамогі і выдачы новай.
Чытайце таксама:
Трамп увёў 25-працэнтныя пошліны на ўвесь імпарт сталі і алюмінію ў ЗША
Трамп запатрабаваў закрыць USAID за «карупцыю»