БЕЛ Ł РУС

Крысціна Ціманоўская пракаментавала заяву Следчага камітэта і «перапіску» з Ігарам Турам

14.02.2025 / 9:44

Nashaniva.com

Лёгкаатлетка папярэдзіла: паказанні яна даваць не збіраецца.

Крысціна Ціманоўская. Скрыншот сторыс у яе інстаграме

Нагадаем: нядаўна спартоўка Крысціна Ціманоўская даведалася, што яе былы муж Арсеній Зданевіч знянацку вярнуўся на радзіму.

Лёгкаатлетка сцвярджае, што мужчына прысвоіў сабе чужыя грошы — і яе, і іншых людзей. Рэч у тым, што некаторы час таму ў Арсенія была ў Польшчы фірма, якая займалася прыгонам аўтамабіляў з ЗША на замову. Але «Трыбуна» знайшла некалькі чалавек, якія аддалі Арсенію грошы, але машыны так і не пабачылі.

Распавядаючы пра прыгоды свайго былога мужа, якога Крысціна пабачыла ў відэа ў інстаграме мінскай аўтамыйкі, спартоўка тэгнула ў сторыс акаўнты МУС Беларусі, а таксама памежнай службы.

Учора Следчы камітэт паабяцаў праверыць «на экстрэмізм» Арсенія Зданевіча.

Крысціна лічыць, што Арсеній паехаў у Беларусь, каб схавацца ад праблем.

«Наколькі я ведаю, яму пагражаў тэрмін за махлярства і ў Польшчы, і ў Грузіі. Ён знік у Польшчы, калі людзі напісалі на яго заяву [у паліцыю]. Потым так знік у Грузіі. Цяпер вось знік у Беларусі. Чалавек, які сумленна працуе, не падманвае і не крадзе, не будзе знікаць і хавацца», — сказала яна ў каментары «Нашай Ніве».

Лёгкаатлетка кажа, што і яна, і іншыя пацярпелыя спрабавалі выйсці з ім на сувязь, каб даведацца, калі ён верне грошы. Але мужчына ўсіх ігнаруе.

«Са мной на сувязь выйшлі некалькі пацярпелых. Іх сума агульная недзе ад 30 да 40 тысяч даляраў. Але пазней высветлілася, што ён яшчэ камусьці па дробязі вінны, гэта недзе ад тысячы да трох тысяч даляраў. Плюс не ўсе, каго ён падмануў, выходзілі на сувязь. Некаторыя дзейнічалі самастойна і проста падавалі заяву ў паліцыю», — кажа спартоўка.

Крысціна адзначае, што аднаму чалавеку Арсеній вярнуў грошы, калі быў у Грузіі. «Таму што ў хлопцаў аказаліся добрыя сувязі. Таму там Арсеній напісаў распіску ў натарыуса і аднаму з пацярпелых вярнуў 10 тысяч даляраў. І пасля гэтага зноў перастаў выходзіць на сувязь».

На пытанне, што яна адчула, калі пабачыла навіну ад Следчага камітэту, спартоўка адказала максімальна лаканічна: «Нічога».

«Наша Ніва» таксама папрасіла пракаментаваць лёгкаатлетку перапіску з Ігарам Турам. Прапагандыст учора выклаў у сваім тэлеграм-канале скрыншот, на якім ён быццам бы адрэагаваў на сторыс Крысціны агеньчыкам, а яна напісала яму: «Перадайце ў навінах, што злачынец па Мінску ходзіць. Ён як у Польшчы людзей на грошы кідаў, і ў Грузіі, і ў Беларусі будзе таксама рабіць».

Такі скрыншот Ігар Тур апублікаваў у сваім тэлеграм-канале

Крысціна гэтую перапіску назвала фоташопам і адказала, што не ведае, хто такі Ігар Тур. Яна таксама дадала:

«Калі нехта раптам напіша, што я выйшла на анлайн-сазвон і дала паказанні, дык я адразу вам адкажу, што нічога такога рабіць не буду і любая такая інфармацыя — хлусня».

Чытайце таксама:

«Ён атрымаў польскае грамадзянства за 9 месяцаў»: Ціманоўская ў шоку ад таго, што яе былы муж вярнуўся ў Мінск

Ціманоўская пра мужа ў Беларусі: Не, я не буду сябе вінаваціць, калі яго пасадзяць

«Зразумела, што вартая лепшага». Крысціна Ціманоўская разводзіцца

Каментары да артыкула