БЕЛ Ł РУС

«ГУБАЗІК схапіў айчыма проста каля дзіцячага садка». Топавая беларуская каратыстка расказала, як яе сям'я жыла пасля 2020

14.02.2025 / 13:43

Nashaniva.com

Ксеніі Дрончанка 21 год. У 16 яна выходзілі на жаночыя маршы. Цяпер дзяўчына збірае медалі на чэмпіянатах — але ўжо для польскай зборнай.

Ксенія Дрончанка. Фота тут і далей: яе інстаграм

Ураджэнка Хойнікаў Ксенія Дрончанка з 9 гадоў у каратэ. На двух апошніх моладзевых чэмпіянатах Еўропы ёй не было роўных у раздзеле кумітэ ў катэгорыі да 55 кг. Нюанс у тым, што чэмпіёнка прадстаўляе Польшчу, а не родную Беларусь, за зборную якой выступала да 17 гадоў. Пакінуць Радзіму Дрончанка была вымушаная праз пагрозу палітычнага пераследу пасля выбараў-2020 у дачыненні да сябе і сваіх родных.

У інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты — мир!» 21-гадовая спартсменка расказвае пра пераслед сям'і пасля выбараў і тое, як уладкавалася ў Польшчы. Прыводзім асноўнае.

У 2020-м, калі Ксенія была на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, ёй патэлефанаваў айчым і сказаў, што ў кватэры быў ператрус. Сілавікі перавярнулі ўсю кватэру, нават забралі стары дзённік дзяўчыны.

У брата ў дзіцячым садзе пачаліся праблемы, пасля таго, як айчыма пасадзілі, а маці была ўжо ў Польшчы.

«Я жыла з бабуляй, а ў садзе заўважылі, што за братам заўсёды прыходжу толькі я, прычым мне ж тады не было 18 гадоў. Калі трэба было падпісваць нейкія паперкі, у садзе прасілі перадаць іх бацькам або казалі, каб бацькі самі прыйшлі. Я ўвесь час казала, што перадам, але ў наступны раз зноў прыходзіла сама.

У нейкі момант у садзе пачалі падазраваць, што нешта тут не так. Бабулі патэлефанавалі з сацыяльнай службы, сказалі, што прыйдуць да яе з праверкай. Прыйшлі работнікі, дома мы былі ўтрох. Паглядзелі ўсю кватэру, лядоўню, схадзілі на другі паверх (у бабулі ў цэнтры Гомеля двухпавярховая кватэра). Увогуле, аблазілі ўсю кватэру. Па выніку сказалі, што ўсё добра, і сышлі. А потым мы даведаліся, што ў дакументах напісалі, быццам бабуля інвалід, не ходзіць, у нас няма чаго есці, мы ледзь выжываем. Па факце гэтага не было, але напісалі так, каб у нас былі праблемы. Думаю, якраз праз нашу грамадзянскую пазіцыю. Тады я ўжо разумела, што трэба з'язджаць».

Айчыма Ксеніі пасадзілі за ўдзел у пратэстах і за каментары.

«Калі ён адводзіў брата ў сад, яго проста каля брамы схапіў ГУБАЗіК. Звязалі, галавой у асфальт, а брат сам дайшоў да садка. Айчым сядзеў у Гомелі тры месяцы, потым яго выпусцілі на нейкі час, ён скарыстаўся момантам і ўцёк. Да таго моманту я ўжо была ў Польшчы. Брата перавезлі крыху пазней. Каб сацслужбы не стварылі яшчэ больш праблем, брат жыў у цёткі, дзядзькі і наогул у іншым горадзе, а не з бабуляй».

Калі дзяўчына пераехала ў Польшчу, то пайшла ў клуб «Алімп» у Лодзі (Лодзь абралі, бо тут жыў яе дзядзька). Яе поспехі заўважылі. Трэнер польскай зборнай летась называў Ксенію найлепшай спартсменкай, якая трэніруецца ў Польшчы, і, магчыма, адной з найлепшых у свеце. Паўтара года таму Ксенія атрымала польскае грамадзянства.

Дзяўчына расказвае пра сям'ю. Айчым працаваў на «Гомельэнэрга», мама была юрыстам, але пасля дэкрэту не змагла вярнуцца ў прафесію. Спартоўка расказвае, што яе сям'я цікавілася палітыкай яшчэ да 2020-га і была супраць рэжыму Лукашэнкі. Так што ўдзел у акцыях пратэсту — гэта лагічны крок.

«Цікава, што я не жыла ж не пры Лукашэнку, але ўсё роўна заўсёды была супраць яго. Гэта і ўплыў бацькоў, а потым і ўплыў усяго таго, што я ўбачыла ў 2020-м. Як білі людзей, як ставіліся не па-чалавечы. А калі даведалася, што было ў турмах, проста мурашкі па скуры».

Фота ў Instagram з бел-чырвона-белым сцягам дзяўчына не хавала, нават знаходзячыся ў Беларусі. «[Гэта было] небяспечна, вядома. Але ніхто і не патрабаваў яго схаваць, а мне самой не хацелася. Хоць, можа, у школе і былі пэўныя намёкі, але, шчыра, не памятаю дакладна».

Яна згадвае, як у свае 16 гадоў адчувала сябе на акцыях.

«Мы заўсёды хадзілі ўсёй сям'ёй, але было страшнавата. Бо могуць затрымаць, зрабіць усё, што заўгодна. Але мы разумелі, што трэба выходзіць, паказваць сваё стаўленне да сітуацыі. Плюс быў гонар за беларусаў, за нацыю, прыемна было бачыць пазітыў, аб'яднанне народа. Так што страх змешваўся з гонарам і шчасцем. Мы хадзілі амаль на ўсе акцыі. І нават калі бацькі заставаліся дома, я сама хадзіла, напрыклад, на жаночы марш. Мне хоць і было страшна, 16 гадоў, але разумела, што трэба. Ведаеце, я тады больш баялася не за сябе, а за бацькоў, за тое, як яны ўспрымуць, калі мяне затрымаюць. Бацькі часам нават казалі, што лепш не трэба, але я ўсё роўна сыходзіла».

Цяпер сям'і жыве ў польскім горадзе Аляксандруў Лудзскі, гэта ў 16 кіламетрах ад Лодзі. На трэніроўкі дзяўчына ездзіць у Лодзь.

Спартоўка згадвае беларускую нацыянальную зборную.

«Там кожны сам за сябе. Асабліва моцна гэта выявілася пасля «выбараў»-2020. Усе ведалі маю пазіцыю, але падтрымкі я не ўбачыла, людзі баяліся нешта сказаць — усё праз страх страціць месца ў складзе. Нават не ведаю, ці людзі самі па сабе такія, ці іх зашугалі, але яны маўчалі і баяліся нават выказаць падтрымку мне. Хоць пры гэтым ніхто з тых жа трэнераў, кіраўнікоў Федэрацыі на мяне не ціснуў за маю пазіцыю, праблем не было».

Ксенія расказвае пра выплаты ад польскай нацыянальнай зборнай за яе поспехі.

«Летась за перамогу на чэмпіянаце Еўропы я атрымала дзевяць тысяч злотых (2160 еўра) ад прэзідэнта краіны і чатыры тысячы злотых (960 еўра) ад горада. У Беларусі такія грошы за перамогі на турнірах нават блізка не даюць — у разы менш. А што тычыцца штомесячнай зарплаты як члена нацыянальнай зборнай Польшчы, то яе тут няма, але прызавыя па факце вельмі вялікія.

Калі мы ездзілі на спаборніцтвы ў Беларусі, я сама павінна была аплачваць праезд, пражыванне ў гатэлі, харчаванне, стартавы ўнёсак. Федэрацыя нешта аплачвала, але вельмі невялікую частку. У Польшчы ўсё па-іншаму — я наогул нічога не плачу. (…)

Таксама ў Беларусі я сама сабе купляла экіпіроўку, тую ж абарону, кімано. А тут у мяне з'явіліся спонсары, якія аплачваюць». 

Маці Ксеніі адкрыла свой бізнэс — у яе салон прыгажосці, там яна яшчэ працуе майстрам манікюру. Айчым працуе таксістам. Брат ходзіць у школу.

Сама дзяўчына, апроч спартыўнай кар'еры, вучыцца ў медыцынскім універсітэце Лодзі на дыетолага.

«Яшчэ жывучы ў Беларусі, цікавілася правільным харчаваннем, прытрымлівалася яго, два гады не ела цукар. Чытала шмат пра ежу, пра белкі, вугляводы і гэтак далей. Але ў мяне была і іншая мара — стаць ветэрынарам. Вось толькі ў Лодзі няма ўніверсітэта, дзе можна атрымаць дыплом ветэрынара, таму і выбрала спецыяльнасць дыетолага».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула