БЕЛ Ł РУС

«Калі перамовы стануць «новай Ялтай», то менавіта Беларусь рызыкуе стаць маўклівай ахвярай вялікай амаральнай здзелкі»

17.02.2025 / 8:59

Nashaniva.com

Хто з краін ужо цяпер прайграюць на будучых мірных перамовах, піша аналітык Аляксандр Фрыдман. Найгоршая, на яго думку, пазіцыя ў Беларусі. 

Падчас сустрэчы ў кулуарах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, 14 лютага 2025 г. Фота: AP Photo / Matthias Schrader

Фрыдман аналізуе імаверны склад удзельнікаў і фармат мірных перамоў.

«Праходзіць яны будуць на першым этапе ў Саудаўскай Аравіі, а ўдзельнічаць будуць ЗША, Расія і Украіна. Вашынгтон і Масква хацелі б вынесці за дужкі ЕС і Вялікабрытанію, але гэта ім наўрад ці ўдасца. На сёння можна казаць і пра тых першых, хто прайграў. Гэта Кітай, Турцыя, Швейцарыя і Беларусь», — мяркуе Фрыдман. 

На яго думку, Кітай, у адрозненне ад свайго канкурэнта — Індыі, хацеў удзельнічаць у перамовах, але амерыканцы яго на іх не дапускаюць. Эрдаган мноства разоў заяўляў пра гатоўнасць правесці перамовы на сваёй тэрыторыі, але ў яго паслугах пакуль не маюць патрэбы і на перамовы не клічуць. Нейтральная Швейцарыя таксама прапаноўвала сябе ў якасці традыцыйнай пляцоўкі для перамоваў. І пакуль засталася ні з чым.

«Для КНР удзел у перамовах — пытанне статусу супердзяржавы; для Турцыі і Швейцарыі — пытанне прэстыжу. Для Беларусі ж на кану стаіць будучыня дзяржавы і вызначацца яна будзе, хутчэй за ўсё, без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. Калі перамовы стануць, як прадракаюць асобныя назіральнікі, «новай Ялтай», якая прывядзе да падзелу сфер уплыву ў Еўропе, то менавіта Беларусь рызыкуе стаць маўклівай ахвярай вялікай амаральнай здзелкі», — лічыць Фрыдман.

Чытайце таксама:

Пяць высноў з Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая ўвойдзе ў гісторыю

Фрыдман пра імаверную здзелку ЗША і Беларусі: Гэта стала б палітычным самагубствам для Лукашэнкі

Мюнхенская прамова Вэнса пра новую палітыку ЗША і чаканні ад Еўропы — поўны тэкст

Шольц раскрытыкаваў словы Вэнса аб еўрапейскай дэмакратыі

Каментары да артыкула