У Егіпце ўпершыню за стагоддзе зноў знайшлі грабніцу фараона
20.02.2025 / 19:47
Апошні раз у Егіпце знаходзілі грабніцу фараона ў 1922 годзе — тады даследчыкі адкрылі месца пахавання Тутанхамона. Новую грабніцу знайшлі роўна праз сто гадоў, але апазнаць як грабніцу фараона Тутмоса II змаглі толькі цяпер.
Рэльеф Тутмоса II у Карнакскім храме. Фота: Wikimedia Commons
Члены сумеснай егіпецка-брытанскай місіі ідэнтыфікавалі грабніцу фараона Тутмо́са II, якая знаходзіцца ў раёне Вадзі-Габанат-эль-Куруд на захад ад Луксора, паведамляе Reuters са спасылкай на Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта.
Грабніцу выявілі яшчэ ў 2022 годзе, аднак толькі цяпер яе дакладна атрыбутавалі — навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта пахаванне сапраўды належала Тутмосу II, які кіраваў Егіптам у 1492—1479 гг. да н.э. і памёр ва ўзросце 40 гадоў ад загадкавай высыпкі.
Фрагмент роспісу столі з зорным небам, выяўлены ў грабніцы. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта
Разбураная грабніца фараона Тутмоса II. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта
Разбураная грабніца фараона Тутмоса II. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта
Як адзначае выданне, археолагі змаглі апазнаць грабніцу Тутмоса II дзякуючы алебастравым вазам з надпісам «спачылы цар» і фрагментам рытуальных тэкстаў, а таксама сасудам з імёнамі фараона і яго жонкі і пераемніцы Хатшэпсут, адной з нямногіх жанчын-кіраўніц Егіпта. Таксама ў грабніцы выявілі фрагменты старажытнага роспісу з зорным небам.
«Гэтыя знаходкі дазваляюць з упэўненасцю сцвярджаць, што выяўленае пахаванне сапраўды належала Тутмосу II», — заявіў генеральны сакратар Вярхоўнага савета старажытнасцяў Егіпта Мохамед Ісмаіл Халед.
Фрагмент алебастравай вазы з картушам, які змяшчае царскае імя. Фота: Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта
Паводле даследчыкаў, грабніца была моцна пашкоджаная ў выніку паводкі, якая адбылася неўзабаве пасля смерці Тутмоса II. Яго мумію знайшлі яшчэ ў 1881 годзе, але месца пахавання фараона дагэтуль заставалася невядомым. Цікава, што яе выявілі ў іншым месцы — у тайніку Дэйр-эль-Бахры ў канцы XIX стагоддзя. Там тады знайшлі шмат царскіх парэшткаў, у тым ліку мумію Тутмоса III, сына Тутмоса II, аднаго з самых знакамітых правіцеляў Егіпта.
У ценю сваякоў. Хто такі Тутмос II?
Тутмос II быў фараонам XVIII дынастыі Старажытнага Егіпта, які кіраваў прыблізна ў 1492—1479 гг. да н.э. Ягонае кіраванне было адносна кароткім і не адзначалася маштабнымі ваеннымі кампаніямі ці грандыёзнымі будаўнічымі праектамі, у адрозненне ад дзейнасці яго папярэднікаў і пераемнікаў. Паводле крыніц, ён здушыў паўстанне на поўдні Нубіі і стрымаў пагрозу з боку азіяцкіх плямёнаў, але ў цэлым яго ўлада залежала ад магутных палацавых груповак і, магчыма, ад ягонай жонкі Хатшэпсут, якая мела значны ўплыў пры двары.
Галава муміі фараона Тутмоса II. Фота: Wikimedia Commons
Хатшэпсут, не толькі яго жонка, але і зводная сястра, была адной з найвыбітнейшых кіраўніц Егіпта. Пасля смерці мужа яна спачатку кіравала як рэгентка пры малалетнім Тутмосе III, сыне Тутмоса II ад наложніцы Ісіды, а затым захапіла ўладу і сама стала фараонам. Менавіта Хатшэпсут пазней адбудавала велічны храм у Дэйр-эль-Бахры, дзе была выяўлена мумія Тутмоса II, і правяла гандлёвую экспедыцыю ў краіну Пунт.
Храм у Дэйр эль-Бахры, пабудаваны Хатшэпсут, жонкай Тутмоса II. Цела фараона, якое першапачаткова было пахавана ва ўласнай грабніцы, было пасля перанесены жрацамі ў тайнік храма, дзе яго і выявілі даследчыкі ў 1881 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Сам Тутмос II, паводле меркаванняў даследчыкаў, памёр маладым, магчыма, ад хваробы. Ягонае кіраванне, якое ў значнай ступені залежала ад двара і жрэцтва, цьмянее на фоне кіравання яго знакамітай жонкі і яго сына, вялікага заваёўніка Тутмоса III.