ЗША прапанавалі Кіеву абноўлены праект пагаднення па карысных выкапнях
21.02.2025 / 7:42
Суразмоўцы з абодвух бакоў кажуць, што заключэнне здзелкі становіцца ўсё больш верагодным.
Міністр фінансаў ЗША Скот Бесэнт і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве 12 лютага 2025 года. Фота: Alex Babenko / AP
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прадставіла Украіне абноўлены праект пагаднення аб карысных выкапнях, пасля таго як украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі адхіліў першапачатковы варыянт, паведамляе партал Axios са спасылкай на ўкраінскага і амерыканскага чыноўнікаў, а таксама яшчэ на тры крыніцы.
Паводле іх звестак, ЗША прадставілі Украіне абноўленую версію пагаднення, у якой былі ўлічаныя некаторыя асцярогі Кіева.
«У апошнім праекце былі зробленыя значныя паляпшэнні, і ён адпавядае ўкраінскаму заканадаўству», — сказала крыніца.
Са слоў адной з крыніц, памочнікі Зяленскага пераконвалі яго падпісаць абноўлены дакумент, каб пазбегнуць далейшай канфрантацыі з Трампам.
Дарадца па нацыянальнай бяспецы Белага дома Майк Уолтц заявіў у чацвер, што Зяленскаму неабходна вярнуцца за стол перамоваў па пытанні аб карысных выкапнях.
«Гэта перамовы. А ў перамовах трэба дамаўляцца. Украіна хоча весці перамовы аб карысных выкапнях, і мы гаворым пра гэта», — сказаў прадстаўнік Белага дома.
Чытайце таксама:
Трамп заявіў пра зрыў пагаднення з Украінай па рэдказямельных металах
Дарадца Трампа звязаў яго рэзкія заявы аб Украіне з затрымкай «пагаднення па карысных выкапнях»
Умовы прапанаванай эканамічнай дамовы паміж ЗША і Украінай выглядаюць кабальнымі