БЕЛ Ł РУС

«Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам! Адпачынку няма на вайне!» Апакаліптычны верш наводзіць жах на тыкток

2.03.2025 / 8:0

Ф. Раўбіч

Верш з-за свайго псіхалагічнага эфекту доўгі час выкарыстоўваўся для падрыхтоўкі элітных салдат да ўмоў палону і катаванняў. Распавядаем, што за ён.

Беларускія вайскоўцы маршыруюць. Фота: БелТА

У тыктоку шырыцца запіс, у якім мужчынскі голас па-англійску рытмічна называе лікі і паўтарае адны і тыя ж словы і цэлыя радкі раз за разам: «Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам! Адпачынку няма на вайне!» З кожнай чатырохрадковай страфой голас мужчыны становіцца ўсё больш гучным і роспачным, урэшце ледзь не зрываючыся на істэрычны крык.

Змест вершу і яго падача ідэальна перадаюць адчуванне вайны, яе жахаў і безвыходнасці. Многія каментатары прызнаюцца, што ад гэтага запісу ў іх мурашы па скуры бегаюць і застаецца адчуванне набліжэння канцу свету. «Гучыць як Трэцяя сусветная».

@kiyaudioss Boots Poem by Rudyard Kipling #audios #foryou #kiyaudios #rudyardkipling #28yearslater #songs #speedsongs #spedup ♬ Boots poem - KiyAudioss

Шыпенне, трэск і хрыпы, чутныя ў запісе, гэта не стылізацыя пад даўніну — запіс сапраўды вельмі стары. Верш у выкананні амерыканскага акцёра Тэйлара Холмса быў запісаны яшчэ ў 1915 годзе. А сам тэкст на дзесяцігоддзе старэйшы.

Холмс зачытвае верш «Боты» (Boots), напісаны пад уражаннем ад англа-бурскай вайны 1899-1902 гадоў паэтам і пісьменнікам Рэдзьярдам Кіплінгам, аўтарам сусветна знакамітых раманаў «Кніга джунгляў» і «Кім». 

Імперыялістычная вайна

Незадаволеныя палітыкай уладаў у захопленай Вялікабрытаніяй Капскай калоніі, у тым ліку адменай рабства, якая ў адзін момант разарыла мясцовых фермераў-галандцаў (або інакш бураў), яны ў 1830-я масава пачалі пакідаць яе межы, ствараючы свае ўласныя бурскія рэспублікі на адабраных у карэннага насельніцтва землях.

Брытанская пяхота ў час Англа-бурскай вайны. Фота: kieranmcmullen.com

У 1867 годзе на землях бураў знайшлі радовішчы алмазаў, а ў 1886 годзе — золата. Сюды з брытанскіх калоній пацяклі эмігранты, у чыіх руках сканцэнтравалася здабыча гэтых рэсурсаў, прамысловасць і гандаль. Хутка брытанцаў стала так шмат, што яны пачалі патрабаваць зніжэння высокіх падаткаў, уведзеных для іх бурамі, прызнання англійскай мовы роўнай нідэрландскай і права нелютэранам займаць дзяржаўныя пасады.

Брытанская пяхота ў час Англа-бурскай вайны. Фота: boer-war.com

Нягледзячы на тое, што амаль усе патрабаванні пад ціскам Брытаніі былі выкананы, імперыя пад маркай дапамогі суайчыннікам, якія пакутуюць ад бяспраўя, развязала супраць бурскіх рэспублік крывавую захопніцкую вайну. Да верасня 1900 года рэгулярная вайна была скончана, але буры перайшлі да партызанскай тактыкі. Каб прадухіліць дапамогу мясцовага насельніцтва партызанам, брытанскія ўлады сагналі палову белага насельніцтва, каля 200 тысяч чалавек, у лагеры, дзе прынамсі 26 тысяч загінулі ад голаду і хвароб. Менавіта ў час англа-бурскай вайны з’явіўся тэрмін «канцэнтрацыйны лагер».

Рэдзьярд Кіплінг. Фота: Wikimedia Commons

Рэдзьярд Кіплінг з 1898 года штогод прыязджаў у Паўднёвую Афрыку на зімнія вакацыі разам з жонкай. Стаўленне да Кіплінга сёння неадназначнае, бо ў сваіх поглядах ён прытрымліваўся імперыялізму, каланіялізму і расізму. І хоць у англа-бурскай вайне белыя змагаліся супраць іншых белых людзей, «Паэт Імперыі» прыхільна паставіўся да брытанскай агрэсіі, пісаў вершы ў падтрымку войска. 

Зрэшты ягоны верш «Боты», упершыню апублікаваны ў 1903 годзе ў зборніку «Пяць нацый», аказаўся вышэйшым за аўтара. Відаць, ён быў задуманы як усхваленне стойкасці вытрымкі брытанскай пяхоты, салдаты якой вымушаны былі тыднямі маршыраваць без канкрэтнага пункта прызначэння і вар'яцелі ад гэтага рытму. Раілася чытаць першыя чатыры словы кожнага слупка павольна, два словы за секунду, каб адпавядаць рытму ботаў салдат. Але атрымаўся цалкам антываенны твор пра пакутлівую і бессэнсоўную вайну.

Як прыгадваюць некаторыя вайскоўцы, у прыватнасці Уорд Кэрал, ветэран Ваенна-марскога флоту ЗША, яны ніколі не забудуць гэты верш Кіплінга. Рэч у тым, што запіс верша «Боты» выкарыстоўваўся ў школе SERE, створанай каб навучыць амерыканскіх вайскоўцаў, як выжываць, калі яны будуць схоплены і падвергнуты катаванням. Вайскоўцаў, якія праходзілі навучанне, закрывалі ў маленькай камеры, дзе шмат разоў паўтаралі гэты верш, які чытаўся страшным голасам.

Новая цікаўнасць

Новую папулярнасць сёння верш у выкананні Холмса набыў праз тое, што гэты запіс выкарысталі ў трэйлеры будучага постапакаліптычнага фільма «28 гадоў пасля», які распавядае пра выжыванне на тэрыторыі былой Вялікабрытаніі, якую паразіў вельмі заразны «вірус лютасці».

Адтуль запіс перакачаваў у тыкток. Карыстальнікі сацсеткі выкладаюць ролікі, у якіх гэты гук суправаджае як кадры рэальных войнаў, так і разбуральныя канфлікты ў мастацкіх творах.

@genyapluton фильм на фоне – «Иди и смотри» #bootspoem #comeandsee #идиисмотри #военныйфильм #стихотворение #перевод ♬ оригинальный звук - kireev_voice

Папулярны таксама рускамоўны варыянт, запісаны расійскім дыктарам Антонам Кірэевым. Рускі пераклад верша, які атрымаў назву «Пыл», быў выкананы ў 1922 годзе паэткай Адай Анашковіч-Яцынай, якая паходзіла з беларускага шляхецкага роду Анашковічаў герба «Яцына», што выйшаў з Пінскага павета. У час вайны яго паклалі на музыку, дадаўшы некалькі куплетаў, стылізаваных пад Кіплінга.

Беларускі пераклад

Ролікаў з гэтым вершам па-беларуску пакуль няма. Тым не менш яго беларускі пераклад існуе. «Боты» з англійскай мовы пераклаў паэт і перакладчык Яўген Міклашэўскі. Публікуем яго пераклад цалкам:

Боты
Пяхота ў Афрыцы

Раз — два — раз — два — мы ідзем па Афрыцы. 
Стук — грук — стук — грук так вакол і чуецца.
(Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам!) 
Адпачынку няма на вайне! 

Сем — дванаццаць — шэсць — чатыры 
Адзінаццаць — дваццаць дзевяць міль ажно. 
пяць — шаснаццаць — толькі ўчора трыццаць тры. 
(Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам!) 
Адпачынку няма на вайне!

He — не — не — не — не глядзі наперад ты. 
(Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам!)
He глядзі, інакш міжволі ты вар'ятам зробішся
І адпачынку няма на вайне! 

Лепей — думай — думай — думай — ты пра нешта іншае. 
О — Бог — не — дай ты нам стаць вар'ятамі. 
(Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам!) 
Адпачынку няма на вайне!

Раз — два — тры — чатыры — патранташы поўныя. 
Лічыш не збівайся з ліку, прападзеш пад ботамі. 
(Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам!) 
Адпачынку няма на вайне!

Холад — голад — стома — смага — можна неяк вытрываць. 
Толькі нельга — нельга — нельга з гэтым рухам звыкнуцца. 
Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам 
І адпачынку няма на вайне! 

Як — дзень — сяк — так — бачыш побач некага, 
Ну а ноччу — ноччу — ноччу — толькі тупат чуецца. 
Боты — боты — боты — боты рухаюцца з тупатам. 
Адпачынку няма на вайне! 

Тыдняў — шэсць — такога — пекла — і скажу па шчырасці: 
Пекла — не — катлы і чэрці, не смага і полымя.
Гэта боты — боты, боты, што праходзяць з тупатам. 
І адпачынку няма на вайне!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула