Буданаў: Паўночная Карэя пастаўляе 50% расійскіх боепрыпасаў
23.02.2025 / 18:29
Кіраўнік украінскай ваеннай разведкі распавёў, колькі зараз паўночнакарэйскіх салдат знаходзіцца на тэрыторыі Расіі і як КНДР дапамагае ёй у вайне з Украінай.
Кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў на форуме «Украіна. Год 2025». Фота: РБК-Украіна
Гэта Кірыла Буданаў зрабіў падчас форуму «Украіна. Год 2025», перадае агенцтва УНІАН.
Паводле яго слоў Расія актыўна нарошчвае вытворчасць боепрыпасаў, карэктавальных авіябомбаў і беспілотнай тэхнікі. Але значную дапамогу ёй аказвае Паўночная Карэя.
Паводле яго, КНДР забяспечвае да 50% патрэбаў расійскай арміі ў боепрыпасах.
«Палова варожых боепрыпасаў — паўночнакарэйскія. Таксама пачаліся маштабныя пастаўкі ўзбраення, у першую чаргу 170-мм самаходных гаўбіц і 240-мм рэактыўных сістэм залпавага агню», — падкрэсліў Буданаў.
Таксама ён пацвердзіў выкарыстанне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў Расіяй у Курскай вобласці:
«Гэта факт. КНДР актыўна ўдзельнічае ў вайне супраць нас і падтрымлівае РФ».
Падчас форуму японскі журналіст запытаўся ў Буданава пра сітуацыю ў Курскай вобласці, дзе ваююць салдаты КНДР. На што ён адказаў:
«Першапачатковая групоўка складала прыблізна 12 тысяч чалавек. На сённяшні дзень каля чатырох тысяч з іх, скажам так, выведзеныя з ладу — гэта цяжкапараненыя і забітыя. Ім рыхтуецца замена, але пакуль на фронт яна не прыбыла».
Каментуючы пастаўкі Паўночнай Карэяй 170-мм самаходных гаўбіц і 240-мм РСЗА для РФ, Буданаў адзначыў, што Расія ўжо атрымала па 120 сістэм кожнага тыпу.
«Пасля гэтага з дапамогай расійскіх спецыялістаў былі праведзены мадэрнізацыйныя работы. Цяпер дакладнасць стала цалкам прымальнай для такога тыпу ўзбраення. Паводле плана, сёлета Паўночная Карэя павінна перадаць Расіі 148 такіх ракет», — падсумаваў кіраўнік ГУР.