Амерыканская кампанія паказала лятаючы аўтамабіль ВІДЭА
25.02.2025 / 15:4
Амерыканская кампанія Alef Aeronautics сцвярджае, што здолела стварыць «першы ў свеце сапраўдны лятаючы аўтамабіль». У новым відэа, якое ўжо разышлося па сеціве, можна ўбачыць, як электрамабіль спачатку едзе па дарозе, а затым узлятае, пералятаючы праз іншае аўто на вуліцы.
Лятаючы электрамабіль Model A ад кампаніі Alef Aeronautics. Фота: Alef Aeronautics
Амерыканская кампанія Alef Aeronautics апублікавала відэа, на якім яе электрамабіль Model A спачатку едзе па дарозе, а потым пералятае праз іншае аўто. Кампанія заяўляе, што гэта першае ў гісторыі відэа, дзе можна заўважыць сапраўдны лятаючы аўтамабіль на звычайнай вуліцы, піша партал Electrec.
Alef Aeronautics распрацоўвае лятаючыя аўтамабілі ўжо каля дзесяці гадоў. У 2017 годзе інвестары такіх кампаній, як Tesla і SpaceX, уклалі ў праект каля $3 млн, а ў 2022 годзе Alef прадставіла першы працоўны прататып Model A. Пасля гэтага кампанія атрымала сертыфікат лётнай прыдатнасці ад Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі ЗША і стала першай фірмай, хто афіцыйна прадае лятаючыя аўто праз дылерскія цэнтры.
Цяпер Alef Aeronautics мае ўжо 3300 перадзамоў на Model A, а канчатковы кошт яе складзе каля $300 000. Кампанія заключыла пагадненні з буйнымі вытворцамі авіякампанентаў PUCARA Aero і MYC, якія супрацоўнічаюць з Boeing і Airbus.
Масавая вытворчасць лятаючага аўто, паводле Alef, пачнецца ўжо сёлета, а пасля стартуюць першыя пастаўкі кліентам.