БЕЛ Ł РУС

ЕС прыняў 16-ты пакет санкцый супраць Расіі. 13 банкаў адключылі ад SWIFT

24.02.2025 / 11:56

Nashaniva.com

Санкцыі ўведзеныя супраць 48 фізічных і 35 юрыдычных асобаў, адказных за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.

Пад абмежаванні трапілі 74 танкеры ценявога флоту РФ, якія перавозяць расійскую нафту ў абыход санкцый. Таксама ЕС пашырыў спіс забароненых тавараў, якія спрыяюць тэхналагічнаму развіццю абаронна-прамысловага комплексу Расіі — у яго патрапілі ў тым ліку «кантролеры, якія выкарыстоўваюцца для кіравання БПЛА». 

Санкцыі распаўсюджваюцца і на гульнявыя прыстаўкі, бо з іх дапамогай можна кіраваць дронамі, заявіла кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас.

13 расійскіх банкаў адключаныя ад аплатнай сістэмы SWIFT.

Таксама ў Еўропе забаранілі вяшчанне васьмі медыя, «якія знаходзяцца пад пастаянным кантролем расійскага кіраўніцтва», у тым ліку Lenta.ru, тэлеканала Мінабароны «Звезда» і EADaily.

Таксама ўведзеныя санкцыі супраць і Беларусі.

«Сённяшні пакет уключае ў сябе дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі, якія паўтараюць гандлёвыя санкцыі, узгодненыя супраць Расійскай Федэрацыі, а таксама іншыя меры, такія як абмежаванні, якія тычацца продажу ці прадастаўлення паслуг і праграмнага забеспячэння, дэпазітаў і кашалькоў для крыптавалютных актываў, а таксама транспарту. Акрамя таго, Рада ўвяла новы крытэр уключэння ў спіс, нацэлены на асоб, арганізацыі і органы, якія падтрымліваюць або атрымліваюць выгаду ад ваенна-прамысловага комплексу Беларусі», — гаворыцца ў заяве ЕС

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула