БЕЛ Ł РУС

Беларусам, якія атрымалі грэчаскі шэнген, сталі часта тэлефанаваць з консульства

25.02.2025 / 21:39

Nashaniva.com

Увага да беларусаў, якія атрымалі шэнгенскую візу ці хочуць гэта зрабіць, узмацняецца. У снежні супрацоўнікі візавага цэнтра Польшчы абзвоньвалі тых, хто запісаўся на падачу ў мінскай консульскай акрузе. Іх цікавіла, як людзі трапілі ў чаргу. А ў лютым нумар консульства Грэцыі ў Маскве стаў усё часцей высвечвацца на тэлефонах беларусаў, якія атрымалі шэнген гэтай краіны, піша «Люстэрка».

Фота ілюстрацыйнае

У людзей просяць пацвердзіць бронь у гатэлі. Калі чалавек гэтага не робіць, то наступствы сумныя.

Па словах візавай эксперткі і рэдактаркі visaflow.live Анастасіі Лысакоўскай, людзям, якія атрымлівалі грэчаскі шэнген, і ў мінулыя гады набіралі і пісалі з консульства ў Маскве. Маглі папрасіць пацвердзіць бронь у гатэлі. У лютым гэтых званкоў стала больш.

«Раней гэта была хутчэй рэдкасць, чым заканамернасць. Цяпер званкі паступаюць часта, — кажа экспертка. — Падчас размовы ў чалавека просяць выслаць на электронную пошту чэк аплаты гатэля. Калі ён гэтага не робіць, візу анулююць у аднабаковым парадку. Тое ж адбываецца, калі консульства не змагло звязацца з турыстам».

Анастасія адзначае, што людзям тэлефануюць рандомна. Набіраюць і тым, у каго раней быў грэцкі шэнген, і тым, каму яго ўклеілі ўпершыню. Адзіная заканамернасць, якую яны з калегамі заўважылі: людзі, з кім звязваліся, за некалькі дзён да гэтага адмянялі бронь.

Як консульства пра гэта даведалася, Анастасія не ў курсе. Мяркуе, што яны маглі ўдакладніць у гатэля ці праверыць рэзервацыю на сайце: падаючыся на візу, чалавек пазначае, дзе плануе спыніцца.

«Пра тое, што віза ануляваная, чалавека загадзя могуць не папярэдзіць. Гэта тычыцца выпадкаў, калі да яго не датэлефанаваліся, — кажа Анастасія. — Ад калегаў ведаю, што некаторым іх кліентам, якія адказалі на званок, але не пацвердзілі бронь, прыходзіў ліст з паведамленнем: «консульства адпраўляе запыт на ануляванне». Я так разумею, гэта нейкі ўнутраны працэс, вынік якога — адмена шэнгена. Аднак афіцыйна пра вынік можна даведацца, толькі калі ім ператэлефануеш ці ўжо на мяжы».

Чула суразмоўца і пра выпадкі, калі чалавек адмовіўся ад броні. Праз нейкі час яму патэлефанавалі з консульства, ён не зняў трубку, хутка аформіў новую рэгістрацыю ў гатэлі, набраў консульства, даў справаздачу, але яму ўсё роўна сказалі, што «адправілі запыт на ануляванне».

«І ўсё, трэба падавацца зноўку», — адзначае экспертка.

Права анулявання шэнгена прапісана ў артыкуле 34 Візавага кодэкса ЕС. Сярод іншага ў ім гаворыцца: «Віза можа быць скасаваная ў тым выпадку, калі выяўлена, што ўмовы выдачы перасталі выконвацца». Сюды можна аднесці і адмену броні.

«У нас няма дакладнага адказу, чаму людзям сталі часцей тэлефанаваць, — кажа Анастасія. — Наколькі я ведаю, з'явіўся новы консул. Магчыма, у гэтым прычына».

У снежні пра званкі з візавага цэнтра расказвалі беларусы, якія запісаліся на польскі шэнген. Гаворка ішла пра тых, хто належыць да мінскай консульскай акругі. Іх набіралі з пытаннем, як яны трапілі ў чаргу на падачу, і прасілі назваць код, які чалавеку тут жа адпраўлялі на электронную пошту. Калі ён не мог гэтага зрабіць, рэгістрацыю анулявалі. Эксперты меркавалі, што так змагаліся з візавымі пасярэднікамі.

Чытайце таксама:

Мінчукі атрымалі балгарскую шэнгенскую візу, але за дзень да паездкі яе анулявалі

Беларусы могуць застацца без шэнгена, нават калі яго атрымалі. З'явілася новая тэндэнцыя анулявання віз

Як атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі самастойна. Практыка і парады

«Бессэнсоўна падаваць апеляцыю». Як беларусам адмаўляюць у польскіх візах і што яны з гэтым робяць

Спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па Беларусі не лічыць працэс атрымання польскіх візаў складаным і дарагім

Каментары да артыкула