БЕЛ Ł РУС

У Мінск з лекцыяй едзе скандальны «гуру адносін» — падчас аднаго з выступаў ён пабіў жанчыну яе ж сумкай

27.02.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Блогер Сацья Дас не стрымліваецца ў выразах і паводзінах. Цэны на яго лекцыю немалыя.

Пачнём з адказу на спрадвечнае пытанне чытачоў «Нашай Нівы»: «Хто гэта?!». Шалёна папулярны ў сацыяльных сетках блогер Сацья Дас насамрэч носіць імя Сяргей Якаўлеў (але яму не падабаецца, калі нехта да яго звяртаецца так).

Ён нарадзіўся ва Украіне (у Дняпры). Пасля школы паступіў у тэхналагічны тэхнікум, выбраўшы спецыяльнасць тэхнолага грамадскага харчавання. Потым была армія. Пасля дэмбелю мужчына прачытаў кнігу «Бхагавадгіта» і вырашыў стаць крышнаітам. Ад аднаго з настаўнікаў Сяргей і атрымаў тое імя, якое выкарыстоўвае ў якасці псеўданіма, — Сацья Дас.

А пасля 30 гадоў настаў зорны час мужчыны. Ён вырашыў, што можа вучыць людзей, як правільна трэба жыць: і як адносіны будаваць, і як дзяцей гадаваць.

У рэкламе Сацью Даса часта называюць псіхолагам. Але, наколькі вядома, ён не мае адпаведнага дыплому. На яго сайце пазначана, што мужчына — спецыяліст па сямейных адносінах, папулярны лектар, філосаф і пісьменнік.

Сацья Дас асабліва не стрымліваецца ў выразах, але яго дэманстратыўная нахабнасць прываблівае мільёны прыхільнікаў. На старонку «гуру адносін» у інстаграме падпісаныя 2,2 мільёна чалавек, на суполку ва «Укантакце» — каля 1,5 мільёна.

Дарэчы, сярод фанатаў «гуру адносін» хапае і прыхільнікаў Лукашэнкі. На старонку Сацьі Даса ў інстаграме падпісаныя артысты Алёна Ланская, Ганна Трубяцкая і Іван Зданюк, жонка прапагандыста Ігара Тура, а таксама блогерка-ябацька Юлія Хоміч.

Мабыць, найбольшую славу Сацью Дасу прынёс выступ у расійскім Ноўгарадзе ў 2023 годзе. Тады ён ударыў па галаве жанчыну, якая вырашыла спрачацца з лектарам падчас выступу, яе ж сумачкай.

Нядаўна «Квіткі.бай» пачалі рэкламаваць лекцыю «эксперта па нясумнай сямейнай псіхалогіі». У Мінск Сацья прыездзе ў пачатку красавіка — хоча сабраць Falcon Club Arena. Квіткі каштуюць ад 75 да 247 рублёў, але пакуль што асаблівага ажыятажу не назіраецца — вольных месцаў у зале дастаткова.

Чытайце таксама:

Хто такія «бэжавыя мамы», якія раздражняюць усіх

Псіхолаг: Мужчынам лепш не ставіць фота з шашлыком на сайце знаёмстваў

Спачатку грып, потым дэпрэсія? Вучоныя бачаць узаемасувязь

Людзі з сіндромам дэфіцыту ўвагі ў сярэднім жывуць менш — даследаванне

Каментары да артыкула