БЕЛ Ł РУС

Даследаванне выявіла ў Гродне 285 варожых Беларусі назваў вуліц. Вось як прапануюць іх перайменаваць

28.02.2025 / 15:40

Nashaniva.com

285 тапанімічных аб’ектаў у Гародні маюць прапагандысцкі савецкі або расійскі каланіяльны характар, таму іх трэба перайменаваць — такімі лічбамі падзяліўся Алесь Чайчыц з геральдычнай рады «Пагоня» ў новай частцы даследавання па дэкамунізацыі.

Гродна. Фота: Наша Ніва

Раней праект па дэкамунізацыі гарадской прасторы ўжо быў прэзентаваны па Мінску — «Наша Ніва» расказвала пра драматычную сітуацыю з тапаніміяй у сталіцы, дзе расійскіх дзеячаў культуры і навукі шануюць удвая больш за беларускіх. У выніку мінімум 538 аб’ектаў у сталіцы патрабуюць перайменавання.

У Гродне сітуацыя крыху лепшая: агулам назвы 66% прааналізаваных тапанімічных аб’ектаў у горадзе з’яўляюцца палітычна нейтральнымі і не патрабуюць замены. Праўда, так атрымалася за кошт нейтральных назваў у гонар прыроды ці аб’ектаў інфраструктуры і эканомікі.

Катэгорыі вуліц, якія не патрабуюць перайменавання. Скрыншот з даследавання

Што яшчэ асаблівага ў Гродне? Для горада характэрная найбольшая колькасць назваў у гонар несавецкіх дзеячаў навукі і культуры Беларусі: такіх назваў у паўтара разу больш, чым назваў у гонар расійскіх дзеячаў навукі і культуры. Сярод іх перадусім назвы ў гонар удзельнікаў паўстання 1863 года. Але па факце гэта ўсё роўна ўсяго 15 назваў у горадзе.

Яшчэ адна разынка тапаніміі Гродна на кантрасце з Мінскам і іншымі абласнымі гарадамі — поўная адсутнасць назваў у гонар гарадоў і геаграфіі Расіі і іншых былых рэспублік СССР.

Ад чаго канкрэтна прапануюць пазбавіцца гісторыкі?

Сярод 285 аб’ектаў, перайменаванне якіх прызнанае патрэбным ці пажаданым, 181 увогуле не мае дачынення да Беларусі і яе гісторыі. Самыя аб’ёмныя катэгорыі тут — гэта назвы ў гонар савецкіх і расійскіх вайскоўцаў (маршалаў, генералаў, герояў Савецкага Саюза), а таксама ўшанаванне памяці расійскіх бальшавікоў і дзеячаў савецкага рэжыму, ніяк не звязаных з нашай краінай.

Катэгорыі назваў, перайменаванне якіх прызнанае неабходным, магчымым ці пажаданым. Скрыншот з даследавання

«Дамінаванне савецкіх назваў у гістарычным цэнтры Гродна падаецца асабліва недарэчнай, зважаючы на амаль 900-гадовую гісторыю горада, у тым ліку ягоныя часткова сталічныя функцыі ў розныя гады ў часы Рэчы Паспалітай», — адзначае ініцыятар, публіцыст і сябар Геральдычнай рады «Пагоня» Алесь Чайчыц, падкрэсліваючы, што прыярытэт у справе перагляду тапаніміі — гэта вяртанне палітычна нейтральных спрадвечных назваў. У тым ліку гэта тычыцца назвы самога горада.

«Назва «Гродна» сама па сабе з’яўляецца артэфактам замежнага панавання, будучы формай гістарычнай назвы «Горадня»/«Горадзен», якая прайшла праз паланізацыю ў часы Рэчы Паспалітай і польскага культурнага панавання, а пасля —праз русіфікацыю ў часы царскай Расіі. У выніку форма «Горадня» ператварылася ў польскую форму «Grodno», якая пазней была адаптаваная ў расійскай мове як «Гродно», пасля чаго «вярнулася» ў саветызаваную афіцыйную беларускую мову як «Гродна», — адзначаецца ў даследаванні.

Як і ў праекце па дэкамунізацыі Мінска, у даследаванні прыводзяцца прыклады гістарычных назваў вуліц, вяртанне якіх магло б быць адным з элементаў вызвалення карты Гародні ад тапаніміі, навязанай падчас расійскага і савецкага панавання. Так, вуліца Астроўскага, названая ў гонар расійскага пісьменніка, магла б зноў стаць вуліцай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, вуліца камуніста Валковіча — Паўночнай, Кастрычніцкая — быць гістарычным Рыначным завулкам, Кашавога — Вялікай Траецкай, Леніна — Сафійскай, Максім Горкага — Гарадніцкай заставай, Савецкая — Саборнай ці Дамініканскай, Сацыялістычная — Паштовай ці Базарнай. 

Скрыншоты з даследавання

З поўным спісам прапановаў і вынікамі даследавання можна азнаёміцца па спасылцы. У будучыні плануецца прэзентаваць праекты па дэкамунізацыі тапаніміі і іншых гарадоў Беларусі.

«Тэма можа падацца неактуальнай і ўтапічнай на сённяшні час. Але хто гэта будзе рабіць, калі не цяперашняя грамадзянская супольнасць? Каб у момант, калі гэта сапраўды стане патрэбна, ужо была якасна падрыхтаваная пазіцыя», — тлумачыць патрэбу гэтай працы Алесь Чайчыц.

Чытайце таксама:

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Чаму Горадзен стаў Горадняй?

Каментары да артыкула