Нацыянальны архіў ЗША апублікаваў тысячы раней засакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі часоў Другой сусветнай вайны
1.03.2025 / 17:54
Пасля вайны імі карысталася амерыканская разведка, а цяпер гэта ўнікальная крыніца для гісторыкаў і краязнаўцаў.
Цэнтр Брэста, зняты немцамі 5 жніўня 1939 года. Фота: Нацыянальны архіў ЗША
У свабодны доступ пачалі выкладаць аэрафотаздымкі тэрыторыі Беларусі, якія былі зроблены нямецкімі вайскоўцамі ў 1939-1945 гады. Яны з'яўляюцца часткай велізарнай калекцыі здымкаў тэрыторыі СССР, што трапіла ў ЗША пасля завяршэння вайны. Здымкі доўгі час былі засакрэчанымі, бо выкарыстоўваліся амерыканскай разведкай у сваіх мэтах.
У наш час сакрэтнасць знятая, і здымкі можна было заказаць у архіве, але ў свабодны доступ іх пачалі выкладаць толькі цяпер.
З 2176 нямецкіх аэрафотаздымкаў Беларусі ў каталогу найбольшая колькасць прыпадае на Брэсцкую, Гродзенскую і Мінскую вобласці, але сустракаюцца і асобныя здымкі Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
Хутары ў Брэсцкай вобласці, знятыя немцамі 16 чэрвеня 1944. Фота: Нацыянальны архіў ЗША
Вёска Дзераўцы Асіповіцкага раёна, знятая немцамі 27 сакавіка 1944 года. Фота: Нацыянальны архіў ЗША
Здымкі ахопліваюць як гарады, так і сельскую мясцовасць і могуць служыць унікальнай крыніцай для вывучэння гісторыі і архітэктуры краю. Разрозненне фотаздымкаў, выкладзеных на сайце Нацыянальнага архіва ЗША, складае 3800 × 3800 пікселаў, чаго дастаткова для таго, каб зразумець планіроўку і апазнаць асобныя будынкі і збудаванні. Здымкі могуць быць вельмі карыснымі для вызначэння дакладнай лакалізацыі невялікіх населеных пунктаў і драўляных храмаў у сельскай мясцовасці, якія не дайшлі да нашага часу.
Да таго ж захоўваецца магчымасць замовіць у архіве цікавы здымак у разрозненні 14500 × 14500 пікселяў, каб вывучыць усе дэталі.
{DONATE_PAYPAL}