УСУ вярнуліся ў цэнтр Тарэцка і стварылі пагрозу атачэння расійскай групоўкі ў горадзе
2.03.2025 / 12:43
Вайскоўцы УСУ змаглі вярнуцца ў Цэнтральны раён Тарэцка, пра поўны захоп якога сцвярджала Мінабароны РФ у пачатку лютага, паведаміў Інстытут вывучэння вайны (ISW). Z-паблікі пацвярджаюць гэту інфармацыю. Дадзеныя OSINT-праектаў сведчаць, што ў горадзе ўзнікла пагроза атачэння часткі расійскай групоўкі, піша «Агентство».
Украінскія войскі змаглі прасунуцца да цэнтра горада ў раёне вуліцы Талбухіна і да шахты «Цэнтральная», паведаміў са спасылкай на геалакаваныя кадры ў суботняй зводцы ISW. Згодна з картай праекта, да Талбухіна УСУ рухаліся з поўначы, а да шахты «Цэнтральная» — з паўднёвага ўсходу. Таксама ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся на поўдзень ад Тарэцка, сведчыць карта ISW.
УСУ наступаюць ад шахты «Тарэцкая» на поўначы горада і ад вёскі Шчарбінаўка на паўднёвы ўсход ад Тарэцка, паведаміў z-блогер Юрый Падаляка. На яго думку, украінскія вайскоўцы спрабуюць прымусіць расійскія падраздзяленні адступіць з паўночна-заходняй часткі горада.
Паступаюць паведамленні аб «поўным атачэнні» расійскіх вайскоўцаў на некалькіх участках, паведаміў эстонскі ваенны аналітык WarTranslated.
«УСУ актыўна прасоўваюцца ў Тарэцку, захопліваючы ключавыя пазіцыі. Баі ў цэнтры горада працягваюцца, праціўнік страчвае кантроль», — піша блогер.
Дэ-факта Тарэцк захоплены расійскай арміяй не быў, нягледзячы на справаздачы пра гэта, паведаміў «Рыбар». «Актыўная фаза баёў у горадзе завяршылася яшчэ ў канцы студзеня: падраздзяленні расійскай арміі выціснулі асноўныя групы праціўніка за межы адміністрацыйнай рысы, а баі засяродзіліся на ўскраінах», — гаворыцца ў паведамленні. Пры гэтым, паводле звестак канала, украінскія вайскоўцы захавалі «перавагу ў кантролі паветра», якая дазволіла УСУ «перарэзаць камунікацыі расійскіх войскаў» і не даваць «праводзіць зачыстку шырокім фронтам».
Украінская армія, паводле публікацыі «Рыбара», захавала магчымасць «утрымаць пэўныя пункты ў гарадской мяжы і эпізадычна праводзіць ратацыю». Канал удакладняе, што ўкраінскія дыверсійныя групы дзейнічаюць «у ваколіцах адвалу шахты нумар 10, шахты «Цэнтральная», а таксама ў квартале шматпавярховікаў і ваколіцах тэрыкона шахты Тарэцкай».
Расійскія войскі ўступілі ў Тарэцк у пачатку жніўня. Захоп горада адкрыў бы ім магчымасць працягнуць наступ у напрамку Канстанцінаўкі, важнага лагістычнага вузла ўкраінскіх сіл на ўсходзе Данецкай вобласці, пісала Тhe New York Times (NYT). Расейцы імкнуцца перарэзаць магістраль забеспячэння УСУ, якая ідзе на поўдзень ад Канстанцінаўкі ў Пакроўск, гаварылася ў публікацыі NYT.
Аб поўным захопе Тарэцка Мінабароны РФ заявіла 7 лютага.