Рубіа: Прэзідэнт ЗША — адзіны, хто можа пасадзіць Пуціна за стол перамоваў
3.03.2025 / 8:13
Кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША перакананы, што расіянаў неабходна прымусіць пачаць перамовы, каб убачыць, ці гатовы Крэмль скончыць вайну, паведамляе «Голас Амерыкі».
Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў, што ў яго не было ніякіх кантактаў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пасля гарачай дыскусіі паміж прэзідэнтам Дональдам Трампам і ўкраінскім лідарам, якая разгарэлася ў пятніцу ў Авальным кабінеце.
«Мы будзем гатовыя аднавіць узаемадзеянне, калі яны [Украіна] будуць гатовыя заключыць мір, што, відавочна, з'яўляецца мэтай прэзідэнта, — падкрэсліў Рубіа. — Ён [Трамп] спрабуе пасадзіць Расію за стол перамоваў, каб высветліць, ці ёсць спосаб пакласці канец гэтаму канфлікту. Гэта яго мэта… Спадзяюся, мы дойдзем да гэтага пункту, калі гэта стане магчымым».
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЗША паведаміў таксама, што ў яго няма падрабязнай інфармацыі аб падрыхтоўцы Вялікабрытаніяй і Францыяй мірнага плана па Украіне.
Рубіа падкрэсліў, што «важна зразумець дынаміку» і пасадзіць расійскага лідара Уладзіміра Пуціна за стол перамоваў, і адзіны, хто можа гэта зрабіць, — гэта Дональд Трамп.
«Прэзідэнт кажа, што ёсць гэтая жудасная вайна, яна працягваецца ўжо тры гады, гэта крывавы тупік. Ён хоча, каб яна скончылася. Адзіны спосаб, якім яна скончыцца, — гэта калі Уладзімір Пуцін сядзе за стол перамоваў. І прама зараз прэзідэнт Трамп — адзіны чалавек на зямлі, у якога ёсць хоць нейкі шанец пасадзіць яго за стол, каб паглядзець, як ён гатовы скончыць вайну», — заявіў Рубіа.
«Вы не пасадзіце іх за стол, калі вы будзеце абзываць іх, калі вы будзеце варожыя. Прэзідэнт адчувае гэта. Гэта інстынкты, выпрацаваныя за многія гады заключэння здзелак у якасці бізнэсмэна, — растлумачыў Рубіа. — Мы патрацілі тры гады, абзываючы Уладзіміра Пуціна. Цяпер не ў гэтым сутнасць. Неабходна высветліць, ці ёсць спосаб прымусіць іх спыніць вайну. І адзіны спосаб зрабіць гэта — прымусіць расіянаў уступіць у перамовы.
Рубіа таксама пацвердзіў, што ўмовы перамір'я павінны быць трывалымі.
«Павінны быць прадугледжаныя гарантыі. Але ўсё пачынаецца з першага кроку, — тлумачыў дзяржсакратар. — У адваротным выпадку мы ўбачым зацяжное тупіковае развіццё з тысячамі загінулых людзей, мільярдамі выдаткаваных даляраў, і яшчэ большым лікам смерцяў і разбурэнняў. Гэта не тое, у чым прэзідэнт хоча ўдзельнічаць», — дадаў Рубіа.
«Усе кажуць пра гарантыі бяспекі для забеспячэння міру. Спачатку трэба дамагчыся міру. Мы нават не ведаем, ці магчымы мір. Мы ўсе разумеем, што Пуцін не будзе лёгкім перагаворшчыкам у гэтых адносінах. Аднак мы павінны — мы павінны пачаць працэс, каб убачыць, ці магчыма нешта наогул», — тлумачыў галоўны амерыканскі дыпламат.
Марка Рубіа адхіліў абвінавачванні сенатара ад Рэспубліканскай партыі Лізы Муркоўскі ў тым, што Белы дом спрабуе «ўлагодзіць рускіх», дадаўшы пры гэтым, што, безумоўна, у ЗША людзі маюць права выказваць свае думкі. Абвінавачванні Муркоўскі прагучалі пасля прыняцця Радай Бяспекі ААН рэзалюцыі, у якой не ўтрымлівалася фармулёвак аб «тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны» або «агрэсіі Расіі».
«Чым раней усе тут пасталеюць і зразумеюць, што гэта дрэнная вайна, якая можа перарасці ў больш шырокі канфлікт, тым большага прагрэсу мы зможам дасягнуць. — заявіў Рубіа. — Але якое мірнае пагадненне ў сусветнай гісторыі калі-небудзь было лёгкім? Гэта цяжкая дыпламатычная праца», — дадаў ён.
«Так што, прыйшоў час пасадзіць рускіх за стол перамоваў, калі гэта наогул магчыма, і паглядзець, ці ёсць шлях наперад, які пакладзе канец гэтаму канфлікту і зробіць так, каб ён ніколі больш не паўтарыўся. Гэта наша мэта. Гэта застаецца нашай мэтай. Гэта мэта прэзідэнта», — сказаў на заканчэнне кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША.