Папа Францішак правёў спакойную ноч у шпіталі
3.03.2025 / 12:43
Чарговая ноч пантыфіка ў шпіталі прайшла спакойна. Напярэдадні паведамлялася, што стан яго здароўя стабілізуецца, хоць сітуацыя застаецца сур’ёзнай, паведамляюць Навіны Ватыкана.
Людзі моляцца за здароўе Папы на плошчы святога Пятра. Фота: Mosa'ab Elshamy / AP
«Папа добра адпачываў усю ноч», — гаворыцца ў кароткім паведамленні Залы друку Апостальскай Сталіцы, якое было апублікавана сёння раніцай.
У афіцыйным медыцынскім бюлетэні, які быў абнародаваны напярэдадні ўвечары, адзначалася, што стан здароўя Францішка застаецца стабільным. Пантыфіку, які ў пятніцу меў эпізод бронхаспазму, больш не патрабуецца механічная вентыляцыя лёгкіх, а толькі высокапаточная кіслародная тэрапія. Тым не менш, з улікам складанай клінічнай сітуацыі, прагноз застаецца асцярожным.