БЕЛ Ł РУС

Краязнавец Хільмановіч выдаў беларускі каляндарны даведнік

3.03.2025 / 20:0

Nashaniva.com

Выйшаў з друку «Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік», які падрыхтаваў гісторык і краязнавец з Гродна Уладзімір Хільмановіч. Кнігу надрукавалі ў Беластоку, куды аўтар мусіў выехаць пасля падзей 2020 года. Выданне выйшла пры падтрымцы «Стыпендыі Адраджэння» і тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», піша «Радыё Свабода».

«Можна сказаць, што гэта справа ўсяго майго жыцця. 30 гадоў працаваў над гэтым даведнікам, за гэты час не было дня, каб нічога не ўносіў новага: праўкі, удакладненні, новыя імёны і падзеі дадаю бясконца. Апошнія звесткі з'явіліся літаральна перад друкам», — расказаў Уладзімір Хільмановіч на прэзентацыі, якая прайшла 2 сакавіка ў Вільні ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры.

Гэта другое выданне календара, першае выйшла ў 2008 годзе. У новай кнізе значна больш падзей і імёнаў, сабраныя багатыя і цікавыя звесткі пра беларусаў, вартых памяці.

«На кожны дзень года — старонка тэксту», — адзначыў аўтар.

У тым ліку ў календары цяпер ёсць звесткі пра памерлых беларускіх палітвязняў і беларускіх ваяроў, якія загінулі ва Украіне.

«У імянным паказальніку, які суправаджае каляндар, каля 1800 прозвішчаў — гэта ўдвая больш, чым у першым выданні», — паведаміў краязнавец пра сваю кнігу.

«Гэта мае цагліны ў той дом, які яшчэ намі не дабудаваны, — дом нацыянальнай памяці. На гэтай будоўлі наперадзе ў нас яшчэ шмат працы», — сказаў Хільмановіч. Паводле аўтара, ён рабіў сваю кнігу так, каб яна зацікавіла не толькі краязнаўцаў і гісторыкаў, але была карыснай і цікавай таксама звычайнаму чытачу, для якога не менш важна ведаць і не забываць «гістарычныя пазнакі».

Аўтар «Беларускага каляндарнага энцыклапедычнага даведніка» плануе пазней змясціць сваю кнігу ў інтэрнэце. Пакуль жа яе можна атрымаць падчас прэзентацый, запланаваных у Польшчы і іншых краінах, дзе жывуць беларусы.

Хільмановіч сказаў, што цяпер засяродзіцца на падрыхтоўцы да выдання краязнаўчага даведніка «Месцы і людзі», прысвечанага 17 раёнам Гродзенскай вобласці. Матэрыялы да гэтага выдання гісторык збіраў шмат гадоў, у тым ліку падчас сваіх навуковых экспедыцый і прыватных паездак па Гродзеншчыне. Працу над выданнем гісторыку давялося часова прыпыніць праз ад'езд з радзімы, але ён плануе яе абавязкова скончыць.

Чытайце таксама:

Святлана Алексіевіч: Тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта фашызм

«Цяпер такія кнігі чытаеш з пэўным здзіўленнем». Беларускі аўтафікшн у скандынаўскіх дэкарацыях

Стартаваў прыём заявак на чарговую прэмію Гедройця

У «Каласоў пад сярпом тваім» усё ж існаваў працяг? З’явіліся новыя факты

Каментары да артыкула