БЕЛ Ł РУС

Галоўная архітэктурная прэмія свету дасталася кітайскаму архітэктару, чые праекты «праслаўляюць паўсядзённае жыццё людзей»

4.03.2025 / 19:15

Ф. Раўбіч

Сёлетнім лаўрэатам Прыцкераўскай прэміі стаў 69-гадовы кітайскі архітэктар Лю Цзякунь. Журы адзначыла яго як аднаго з самых цікавых сучасных майстроў, чыя праца гарманічна спалучае традыцыі і сучасныя выклікі.

Комплекс West Village у Чэнду. Фота: pritzkerprize.com 

«У свеце, дзе архітэктура сутыкаецца з хуткімі сацыяльнымі і экалагічнымі зменамі, Лю Цзякунь знаходзіць пераканаўчыя адказы. Яго праекты праслаўляюць паўсядзённае жыццё людзей, іх грамадскую і духоўную ідэнтычнасць», — адзначылі ў Прыцкераўскім камітэце.

Шлях ад Чэнду да сусветнага прызнання

Цзякунь нарадзіўся ў Чэнду і правёў дзяцінства ў хрысціянскім шпіталі, дзе працавала яго маці. Сам архітэктар кажа, што гэты досвед сфармаваў у ім «прыроджаную рэлігійную цярпімасць».

Лаўрэат Прыцкераўскай прэміі кітайскі архітэктар Лю Цзякунь. Фота: pritzkerprize.com 

Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Чунцынскім універсітэце, пасля чаго заснаваў уласнае архітэктурнае бюро Jiakun Architects. За 40 гадоў яго студыя рэалізавала больш за 30 праектаў па ўсім Кітаі — ад грамадскіх прастораў да акадэмічных і культурных устаноў.

Адзін з самых вядомых яго праектаў — West Village у Чэнду, пяціпавярховы комплекс, што займае цэлы квартал і стварае кантраст з шэрагам тыповых шматпавярховак вакол. Гэта своеасаблівы горад у горадзе, дзе аб’яднаны культурныя, спартыўныя, рэкрэацыйныя і дзелавыя прасторы.

Архітэктура, якая натхняе і аб’ядноўвае

Музей імператарскай цэглы ў Сучжоу. Фота: pritzkerprize.com 

Лесвіца ў музеі імператарскай цэглы ў Сучжоу. Фота: pritzkerprize.com 

Цзякунь спалучае гісторыю і сучаснасць, укараняючы элементы класічнай кітайскай архітэктуры ў новыя будынкі. Напрыклад, Музей імператарскай цэглы ў Сучжоу паўтарае традыцыйныя кітайскія павільёны, а Ланцуйскі павільён у Чэнду натхнёны архітэктурнымі формамі, якія маюць шматтысячагадовую гісторыю.

Цзякунь надае асаблівую ўвагу адносінам паміж чалавекам і прыродай. Напрыклад, у рэканструкцыі пячорнага раёна Цяньбаа будынкі арганічна ўпісваюцца ў ландшафт, а ў сваіх праектах архітэктар актыўна выкарыстоўвае мясцовыя расліны. На многіх аб’ектах можна ўбачыць, як бамбукавыя гаі высаджваюцца на новых тэрыторыях, а травы прарастаюць скрозь адмыслова выкладзеную цэглу.

Музей гадзіннікаў у музейным комплексе Цзяньчуань. Фота: pritzkerprize.com 

Архітэктура як памяць і пераасэнсаванне траўмаў

Адной з наймацнейшых прац архітэктара стаў мемарыял Ху Хуйшан, прысвечаны 15-гадовай дзяўчынцы, якая загінула падчас землятрусу ў Сычуані ў 2008 годзе. Гэта просты бетонны павільён у форме шатра, у якім жылі пацярпелыя. Унутры — асабістыя рэчы дзяўчынкі: фатаграфіі, школьны партфель, малочны зуб.

Мемарыял, прысвечаны 15-гадовай ахвяры землятрусу ў Сычуані. Фота: pritzkerprize.com 

Мемарыял, прысвечаны 15-гадовай ахвяры землятрусу ў Сычуані. Фота: pritzkerprize.com 

Цікава, што пасля землятрусу Цзякунь таксама распрацаваў «цагліны адраджэння» — ён змешваў друз ад разбураных будынкаў з мясцовымі збожжавымі валокнамі і цэментам, ствараючы матэрыял з лепшымі характарыстыкамі, чым звычайная цэгла.

«Архітэктура павінна раскрываць нешта большае — яна мусіць абстрагаваць, пераасэнсоўваць і рабіць бачнымі сутнасныя якасці мясцовых людзей. Яна фарміруе паводзіны чалавека, стварае атмасферу, дае адчуванне спакою і паэзіі, выклікае спачуванне і пашану, аб’ядноўвае грамадства», — кажа сам архітэктар.

Лю Цзякунь стаў 54-м лаўрэатам Прыцкераўскай прэміі. У гэтым годзе яго працы будуць прадстаўлены на ўрачыстай цырымоніі ў Абу-Дабі, а таксама падчас публічнай лекцыі і дыскусіі, якія пройдуць у траўні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула