БЕЛ Ł РУС

Пазняк патлумачыў, чаму Трамп усё робіць правільна

4.03.2025 / 23:38

Nashaniva.com

Ветэран беларускага руху Зянон Пазняк, які на мінулым тыдні дзівіўся «геніяльнай лапідарнасці» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, апублікаваў у фэйсбуку вялікі пост, дзе выклаў сваё бачанне таго, чаму апошнія дзеянні гэтага палітыка, нягледзячы ні на што, «праяўленне стратэгічнага думання з разлікам на дзясяткі гадоў наперад».

Зянон Пазняк

У асноўнай частцы паста, напісанага 2 сакавіка, але апублікаванага толькі ўвечары 4 сакавіка, Пазняк кранаецца справы амерыканска-ўкраінскага пагаднення аб рэдказямельных металах, якое не падпісалі з-за інцыдэнту ў Белым доме 28 лютага.

Пагадненне, на думку Пазняка, было выгаднае абодвум бакам, канфлікт жа, які прывёў да ягонага непадпісання і фактычнага выгнання Зяленскага з Белага дома, быў выкліканы «слоўнымі памылкамі з абодвух бакоў», прытым з амерыканскага боку гэтыя памылкі былі «найбольш спадара Вэнса, які ўключыўся ў размову прэзідэнтаў». У выніку «атрымалася непрыгожа».

Тым не менш, еўраатлантычны свет, упэўнены Пазняк, застаецца стратэгічна адзіны, бо «ўсе кансалідуючыя дзеянні Еўропы без практычнай і моцнай дапамогі з боку Амерыкі будуць недастаткова эфектыўнымі». 

Найбольш жа канцэптуальныя думкі Пазняк выказаў у недатаваным пастскрыптуме, які аб'ёмам аказаўся не меншы за заяўленую асноўную частку паста. Гэтыя «некалькі слоў» напісаныя ім «дзеля разумення рацыянальнай пазіцыі міру паводле прэзідэнта Трампа».

Паводле разумення Пазняка, Трамп зыходзіць з таго факту, што ў расійска-ўкраінскай вайне назіраецца стагнацыя, калі фронт практычна не рухаецца. Таму прэзідэнт ЗША і хоча

«спыніць ваенныя дзеянні і заключыць перамір'е на аснове існуючага ваеннага статус-кво, сесці за стол перамоваў аб міры, спыніць пагібель людзей і, фактычна, уратаваць украінскую нацыю ад вынішчэння». 

Вынікам гэтага магла б стаць падобная да колішняй сітуацыі паміж СССР і Фінляндыяй «сітуацыйная канцэпцыя міру з вызначэннем часовага (ці абмежаванага) статусу акупаваных тэрыторый, з магчымасцю адбудовы Украіны».

Ветэран беларускага руху ацэньвае такі падыход як

«праяўленне стратэгічнага думання з разлікам на дзясяткі гадоў наперад. (Далёка не кожны палітык і не кожны народ валодае такім думаннем)».

«Першыя лагодныя кантакты» Трампа з Пуціным тлумачацца тым, што ў руках расейцаў захоўваецца ваенная ініцыятыва. І толькі Трамп, на думку Пазняка, можа пасадзіць Пуціна за стол перамоў, бо той рэальна не зацікаўлены ў спыненні ваенных дзеянняў, акрамя як толькі на сваіх умовах.

Прытым Пазняк прызнае, што Пуціну давяраць нельга, бо «ён ставіць задачу ліквідаваць Украіну і ўкраінскі народ». Таму натуральна, што ўкраінцамі

«такі варыянт міру ўспрымаецца як небяспечны, бо не прадугледжвае надзейных гарантый бяспекі і ўкраінскую нацыю не ўратуе. Атрымаўшы перадышку, Пуцін падрыхтуецца і адновіць ваенныя дзеянні».

Таму Пазняк разумее стратэгічную пазіцыю ўкраінцаў, каб «атрымаць шмат дасканалай зброі ад ЗША і зрабіць пералом у вайне на карысць Украіны, каб Масква выглядала паражэнцам», — і толькі тады ўжо гаварыць пра мір. Гэты план, на ягоную думку, 

«добры і, у прынцыпе, ажыццявімы. Але пры адной істотнай умове: пры татальнай дапамозе Амерыкі і ўсяго заходняга дэмакратычнага свету».

А гэтага якраз дасягнуць цяжка, і Пазняк тлумачыць, чаму Трамп не гатовы да такой татальнай дапамогі:

«Прэзідэнт Трамп і ягоная адміністрацыя апасаюцца, што Амерыка ўлезе ў новы В'етнам, у бясконцую вайну, куды будзе няспынна піхаць свае ваенныя нарыхтоўкі і мільярды даляраў, не здабываючы істотнай перавагі, бо рэсурсы Расіі велізарныя (плюс Паўночная Карэя, Іран і пры аказіі нават Кітай), а рэсурсы Украіны (дзе галоўнае — людзі, салдаты, якіх не хапае) не вялікія, і без апоры на ЗША пераламаць сітуацыю на фронце будзе цяжка (а з цягам часу яшчэ цяжэй)».

Таму Трамп не хоча пашырэння вайны з наступным перарастаннем яе ў Трэцюю сусветную, і пра гэта адкрыта кажа Зяленскаму. І яго

«вельмі раздражняе, нават выводзіць з сябе, што сп. Зяленскі тут яго ўпарта не разумее і настойвае на тэрміновых гарантыях бяспекі (за кошт Амерыкі) альбо на працягу вайны да перамогі і, зразумела, пры падтрымцы і зноў жа — пры дапамозе Амерыкі (інакш не атрымаецца)».

І ў такой сітуацыі Пазняку «добра зразумелыя і вартыя пахвалы» як «патрыятызм» Зяленскага, так і «рацыяналізм ды адказнасць» Трампа.

«У прынцыпе справядліва было б, каб амерыканцы моцна дапамаглі Украіне, на якую напаў агрэсар. Можна было б надоўга спыніць агрэсіўную палітыку Расіі. Але рацыянальнае рашэнне будзе прымаць прэзідэнт Трамп, які (калі апаненты не здолеюць паразумецца) не спыніцца нават перад самымі нечаканымі дзеяннямі. Ягоная пазіцыя тэрміновага міру і заканчэння вайны застаецца нязменнай. Чакаюцца перамены», — так падсумоўвае свае развагі Зянон Пазняк.

Чытайце таксама:

Пазняк: Уражліва здзіўляе лапідарная геніяльнасць Трампа

Вядучы «Краіны для жыцця» Салянкоў аб заявах Пазняка: «Калі чалавек еб***ўся, трэба аб гэтым так і гаварыць»

Пазняк: У 1990-я не было зроблена ні адной, ні найменшай памылкі

«Самая выдатная палітычная прамова, якую мне прыходзілася чуць». Пазняк не шкадуе эпітэтаў на адрас Трампа

Каментары да артыкула