БЕЛ Ł РУС

Мінулы люты быў адным з самых сухіх у гісторыі

5.03.2025 / 9:52

Nashaniva.com

Апошні месяц зімы выдаўся незвычайна сухім і халодным. Пра гэта паведамілі ў Белгідрамеце.

За месяц у сярэднім па краіне выпала 12 мм ападкаў — гэта 32% ад кліматычнай нормы. Люты 2025 года заняў трэцяе месца ў спісе самых сухіх, пачынаючы з 1945 года. Рэкорд належыць 1972 году, калі за месяц выпала ўсяго 8 мм ападкаў.

У лютым 2025 года на большай частцы тэрыторыі краіны выпала ад 20 да 40% кліматычнай нормы ападкаў, значны недабор адзначаўся на працягу ўсяго месяца. На станцыях Ліда, Барысаў, Мар’іна Горка і Мсціслаў быў абноўлены гістарычны месячны мінімум. Найменшая колькасць ападкаў выпала на тэрыторыі Брэсцкай (27%), Магілёўскай і Мінскай абласцей (па 24%).

Пры гэтым снег утрымліваўся на большай частцы тэрыторыі краіны, за выключэннем паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнаў. Ягоная максімальная вышыня назіралася ў канцы другой дэкады на станцыі Віцебск і склала 17 см.

Што датычыцца тэмпературы, то сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за люты склала мінус 4,5 градуса. Гэта ніжэй за кліматычную норму на 1 градус.

Найбольшыя адхіленні адзначаны ў Гомельскай вобласці. Аднак у першай дэкадзе сярэдняя тэмпература была вышэй за кліматычную норму на 1,8 градуса, затое ў другой і трэцяй дэкадах — ніжэй за норму на 3,3 і 1,2 градуса адпаведна.

Максімальнай адзнакі — плюс 11 градусаў — тэмпература паветра дасягнула 27 лютага на станцыі Брэст, а апусцілася да мінус 22 градусаў 17 лютага на станцыі Палеская.

Чытайце таксама:

Да пятніцы пацяплее да +14—17°С, у тым ліку ў Мінску

Каментары да артыкула