Стала вядома пра гібель «Бульбаша», які ваяваў за Расію
6.03.2025 / 23:54
44-гадовы Мікалай Коваль з Рэчыцы загінуў улетку 2024 года.
Мікалай Коваль. Фота: тут і далей з сацсетак
Мікалай Коваль скончыў Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі і Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Адслужыў у паветрана-дэсантных войсках. Некаторы час працаваў у пажарнай аварыйна-выратавальнай часці на аб'екце «Беларуснафты» пад Рэчыцай, быў начальнікам каравула. Пасля стаў індывідуальным прадпрымальнікам.
Вядома, што на Коваля заводзілі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 218 («Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»), але вытворчасць спынілі.
Калі Коваль паехаў ваяваць, невядома. Ён служыў у 254-м мотастралковым палку (в/ч 91704), які дыслакаваўся ў Бранскай вобласці.
У маі 2024-га Коваль быў паранены, трапіў у шпіталь у Белгарадзе. Пасля зноў вярнуўся на вайну, яго прызначылі камандзірам узвода. З 4 ліпеня 2024-га лічыўся зніклым без звестак.
Пра смерць Мікалая 30 жніўня 2024 года напісала ў сацсетках яго маці — Таццяна Коваль: «Сыночак наш едзе дадому з СВА навечна маладым».
Коваля пасмяротна ўзнагародзілі Ордэнам мужнасці Расійскай Федэрацыі. У яго засталіся жонка і дзеці.
Чытайце таксама:
У Курскай вобласці загінуў першы афрыканскі наёмнік, які ваяваў на баку Расіі
Беларус, які ваяваў на баку Расіі, скардзіцца, што не можа звольніцца са службы і атрымаць выплаты
Сярод расійскіх вайскоўцаў, якіх сёння абмянялі, ёсць і беларус Герыловіч