У які момант жанчыне, якая нараджае, трэба выклікаць хуткую? Меркаванне акушэра-гінеколага і доктара хуткай дапамогі
10.03.2025 / 9:17
Да якога моманту цяжарная жанчына можа заставацца дома, каб у выніку роды не ператварыліся ў кіно з гонкамі па горадзе і з’яўленнем дзіцяці на свет у машыне?
Вікторыя Мацвіенка і доктар хуткай дапамогі Алег. Скрыншот відэа
Акушэр-гінеколаг з Мінска Вікторыя Мацвіенка вядзе папулярны блог, дзе распавядае пра цяжарнасць і роды. Нядаўна да яе звярнуўся доктар Алег, які працуе на хуткай дапамозе, і заклікаў папрасіць беларусак перастаць нараджаць у машыне хуткай дапамогі.
Вікторыя зрабіла з Алегам гутарку для свайго YouTube-канала.
Доктар згадаў самыя дзіўныя выпадкі са сваёй практыкі, калі цяжарныя выклікалі хуткую дапамогу. Напрыклад, была жанчына, якая патэлефанавала ў 103 праз дрэны сон — ёй прыснілася, быццам у яе адбыўся выкідыш. Потым высветлілася, што ўсё добра.
— Самыя экстраардынарныя выпадкі — калі жанчына з залішняй вагой выклікае хуткую і скардзіцца, што моцна баліць жывот. А калі пачынаеш агляд, высвятляецца, што там цяжарнасць каля 34 тыдняў. І яна кажа: «Вось, газы нейкія», — а гэта ўжо варушэнне плода.
Вікторыя Мацвіенка пацвердзіла, што такія выпадкі ў Беларусі сапраўды бываюць. Да яе ў радзільню таксама прывозілі нараджаць жанчыну, якая не ведала пра сваю цяжарнасць.
Алег крытыкуе жанчын, якія, калі адчулі, што пачаліся роды, не адразу выклікаюць хуткую.
Але Вікторыя Мацвіенка адзначае, што, па-першае, ад моманту першых схватак да актыўнага працэсу можа прайсці 8-10 гадзін, таму ехаць адразу ў радзільню асаблівага сэнсу няма. А па-другое, сапраўды бываюць імклівыя роды, якія адбываюцца вельмі хутка, — і прадказаць такое загадзя немагчыма.
Што лепш рабіць жанчыне, якая пачала нараджаць — тэлефанаваць у хуткую ці выклікаць таксі і самой ехаць у радзільню?
У доктара хуткай адказ адназначны: ён сцвярджае, што прыгожай карцінкі як у кіно, калі таксіст на максімальнай хуткасці ляціць у радзільню, не будзе.
— Зразумейце, што, калі ў вас моцныя схваткі, хутчэй за ўсё таксіст спыніцца і выкліча вам хуткую дапамогу. Сапраўды быў такі выпадак: жанчына выклікала таксі да радзільні, пачала нараджаць проста ў машыне — і таксіст спыніўся і патэлефанаваў у хуткую. Пашанцавала, што спыніліся яны літаральна ў 200 метрах ад падстанцыі хуткай дапамогі. Не мае значэнне, хто вас вязе: муж, тата, сябар… Калі чалавек пабачыць, што вы вось-вось народзіце, ён спужаецца. Ён не будзе ляцець на максімальнай хуткасці, бо гэта небяспечна.
Вікторыя з ім пагаджаецца:
— Па-першае, хуткая вязе вас з мігалкамі. Па-другое, доктар папярэджвае радзільню, каб там вас ужо чакалі і ўсе былі гатовыя.
Наконт таго, калі ўсё ж ідэальна цяжарнай тэлефанаваць у 103, меркаванні медыкаў разышліся.
Доктар хуткай дапамогі лічыць:
— Калі адышлі каляплодныя воды, ужо трэба пачынаць спакойна рыхтавацца — сабраць сумкі, патэлефанаваць блізкім, каб сказаць: «Я хутка буду нараджаць». Калі вы пачынаеце адчуваць схваткі, можаце выклікаць хуткую. Мы прыедзем і спакойна адвязём вас у стацыянар.
Доктар хуткай дапамогі рэкамендуе не чакаць таго моманту, калі ўжо цяжка трываць боль — у гэтым выпадку, ёсць рызыка, што хуткая дапамога, калі прыедзе, будзе прымаць роды ў кватэры.
— Бываюць выпадкі, калі гавораць па тэлефоне, што схваткі кожную хвіліну. Тут зразумела, што хуткая не паспее даехаць.
Але Вікторыя, якая працуе ў радзільні, з ім не зусім згодна.
— Ці трэба на самай першай схватцы ехаць у радзільню? Вялікая частка жанчын нараджае доўга і манатонна, вельмі павольна працэс набірае абароты. Схваткі могуць быць і трэніровачнымі.
Вікторыя лічыць, што для жанчыны прыехаць у радзільню ў самым пачатку радавой дзейнасці не самы лепшы варыянт. Таму што дома ёсць магчымасць расслабіцца і ў больш спакойным становішчы пражыць схваткі.
— Ніхто вас не асудзіць, калі вы прыедзеце адразу ж. Гэта нармальна. Але ў цэлым, калі схваткі пачынаюцца павольна, вас больш нічога не турбуе, вы адчуваеце варушэнні дзіцяці, вы можаце пабыць дома.
Акушэр-гінеколаг кажа, што дома можна быць да таго моманту, калі інтэрвал паміж схваткамі будзе складаць 5 хвілін. Але гэта датычыцца толькі першых родаў. Ва ўсіх наступных выязджаць у радзільню неабходна раней (калі інтэрвал 10 хвілін), таму што па статыстыцы яны праходзяць больш імкліва.
— Падчас трэціх родаў можа не быць класічных схватак: схапіла-адпусціла. Можа вельмі моцна пачаць цягнуць жывот — гэта таксама нагода ехаць у радзільню. Вы можаце думаць: «Я яшчэ не нараджаю», а там ужо поўнае раскрыццё.
Ёсць і яшчэ нюанс:
— Калі ў жанчыны маленькі прамежак паміж родамі (да 3 гадоў), яна таксама можа нарадзіць вельмі хутка. Таму, калі ў вас роды былі паўтара-два гады таму, можна ехаць у радзільню адразу ж, калі вы адчулі, што схваткі рэгулярныя.
Але галоўнай меркай Вікторыя называе эмацыянальны стан жанчыны:
— У нас няма мэты сядзець як мага даўжэй дома. Калі вам трывожна, неспакойна, хвалююча, выклікайце хуткую і едзьце ў радзільню.
Чытайце таксама:
Дзяржаўная сетка аптэк «Фармацыя» прапаноўвае ўсім, каму больш за 30 гадоў, выкінуць Apple Watch
Мінская доктарка заклікала прышчапляцца ад кавіду
У дзіцячай паліклініцы Кобрына растлумачылі, чаму неўролаг працуе толькі дзве гадзіны на дзень
Маладая доктарка з Мінска расказала пра боль усіх участковых тэрапеўтаў