Як незалежныя сацыёлагі праводзяць апытанні ў сённяшніх рэаліях? 12 пытанняў і адказаў
8.03.2025 / 7:0
Не так даўно сацыёлагі Філіп Біканаў і Канстанцін Несцяровіч апублікавалі даследаванне «Беларуская ідэнтычнасць у 2024 годзе». Адзін з цікавых вынікаў там тычыўся нежадання павелічэння русіфікацыі ў нашай краіне. «Наша Ніва» вырашыла распытаць, як увогуле ў сённяшняй аўтарытарнай Беларусі праходзяць апытанні грамадскай думкі.
1. Як выбіраецца тэма для даследаванняў і хто над імі працуе?
У камандзе Філіпа Біканава займаюцца двума напрамкамі даследаванняў. Першы — гэта маркетынгавыя даследаванні пад бізнэс-задачы, другі — немаркетынгавыя сацыялагічныя даследаванні, у тым ліку па Беларусі. Яны могуць рабіцца пад задачы пэўнага замоўцы (напрыклад, медыя звяртаецца да даследчыкаў, каб яны дапамаглі зразумець, чаму беларусы не чытаюць навіны) ці запускацца з уласнай цікаўнасці.
«Напрыклад, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне нам было цікава замерыць, ці сапраўды беларусаў за мяжой пачалі дыскрымінаваць, як да нас увогуле ставяцца. Плюс у нас была гіпотэза, што большасць беларусаў, якія з'ехалі, супраць Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну. Мы гэта правяралі і потым дзяліліся вынікам з палітыкамі і актывістамі, каб яны маглі спасылацца на даследаванне ў справе адстойвання правоў беларусаў: не трэба тут прымаць такі дыскрымінацыйны закон, таму што беларусы супраць вайны», — тлумачыць Філіп Біканаў.
Філіп Біканаў — беларускі сацыёлаг, займаецца даследаваннямі грамадскай думкі ў Беларусі з 2015 года. Завочна асуджаны па так званай справе «аналітыкаў Ціханоўскай» да 10 гадоў зняволення. Фота з асабістага архіва.
Любое даследаванне з апытаннем каштуе грошай, і проста на энтузіязме зрабіць яго немагчыма. Так, даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, якое робіцца ўжо пяты год запар, падтрымлівае нямецкі фонд Фрыдрыха Эберта, каб разумець палітычную сітуацыю ў Беларусі і быць гатовымі да зменаў.
У камандзе Філіпа Біканава працуе восем даследчыкаў. Не ўсе з іх маюць сацыялагічную адукацыю, але ўсе маюць шматгадовы досвед працы з аналізам даных. Над адным даследаваннем можа працаваць ад двух да чатырох чалавек. На даследаванне ўзроўню апытання пра нацыянальную самасвядомасць сыходзіць да трох месяцаў.
2. Дзе праводзяць даследаванні і як у іх прыняць удзел?
На анлайн-панэлі — сайце-платформе, на якой рэгіструюцца беларусы, каб за грошы браць удзел у даследаваннях (канкрэтную спасылку даследчыкі не хочуць называць у мэтах бяспекі).
Працэс наступны: пры наведванні сайтаў ці сацсетак людзі бачаць запрашэнне зарэгістравацца ў анлайн-панэлі. Потым ім прыходзяць прапановы паўдзельнічаць у апытаннях.
«Анлайн-панэль прадугледжвае двухэтапны адбор, — тлумачыць Філіп Біканаў. — На платформе ўжо зарэгістраваныя каля сотні тысяч людзей. Сярод іх адбываецца пэўная ратацыя — частка адвальваецца, замест іх праз рэкламу прыходзяць іншыя і гэтак далей. Менавіта з іх набіраецца выбарка рэспандэнтаў для нас».
3. Калі я рэдка карыстаюся сацсеткамі, у мяне мінімальныя шанцы даведацца пра апытанне?
Шанец трапіць у выбарку анлайн-панэлі сапраўды няроўны для ўсіх: у кагосьці з беларусаў увогуле няма доступу да інтэрнэту, у іншых — уключаны блакіроўшчык рэкламы.
«Галоўная праблема анлайн-выбаркі ў тым, што яна можа быць крыху перакошаная ў нейкі бок, паказваць не зусім тое, што адбываецца на самой справе. Таму што людзі, якія карыстаюцца інтэрнэтам, якія трапляюць да анлайн-панэлі і якія ведаюць, як там зарэгістравацца (і ім не лянотна прайсці ўсе пытанні), могуць значна адрознівацца ад усёй сукупнасці беларусаў.
Але імавернасныя выбаркі ў нас можна рабіць толькі двума спосабамі — альбо твар у твар, калі ты заходзіш у кожную, напрыклад, пятую кватэру ў адвольна адабраным доме і размаўляеш там з прадстаўніком сям'і, альбо праз тэлефонныя званкі. Зразумела, што ў сённяшняй Беларусі правесці афлайн-апытанне, каб яно прайшло міма ўладаў, не атрымаецца. Фармальна ў нас нават на маркетынгавыя даследаванні тваражкоў ці матрацаў трэба акрэдытацыю атрымаць.
Тое самае з тэлефоннымі даследаваннямі, пры якіх генеруецца сусвет нумароў, а з яго выбіраецца пэўная колькасць, і па іх потым дазвоньваюцца спецыялісты кол-цэнтра. Унутры Беларусі такое таксама не зробіш, а з-за мяжы гэта каштуе проста неймаверных грошай. Яно таго і не вартае, бо ў тэлефоннай размове, нават калі ты дазваніўся да чалавека, ты не правядзеш доўгае паўгадзіннае апытанне.
Таму 99% працы, якую робім я і мая каманда па беларускіх даследаваннях, мы праводзім праз анлайн-панэлі».
4. У апошнім апытанні ў вас зусім не было жыхароў вёсак, чаму?
«У анлайн-панэлі няма дастатковай колькасці сельскіх жыхароў. У нас 22% насельніцтва ў сельскай мясцовасці, і гэта звычайна людзі старэйшага ўзросту, якім складана недзе зарэгістравацца. Часам мы ўлічваем людзей з сельскай мясцовасці, але з агаворкай, што тое досыць умоўна. Напрыклад, у вёсцы Бароўка жыве больш за тысячу чалавек, і ў самым маленькім горадзе Беларусі, Дзісне, таксама падобная колькасць жыхароў. Ці моцна там будзе адрознівацца жыццё? Думаю, не.
Таму мы можам для некаторых даследаванняў лічыць за сельскія ўсе мястэчкі, меншыя за пэўную лічбу насельніцтва. Плюс мы можам часам прагназаваць, як бы адказвалі сельскія жыхары на нашы пытанні, таму што ёсць даследаванні з сельскімі жыхарамі, па якіх відаць, што яны больш кансерватыўныя і хутчэй схільныя да падтрымкі ўлады», — тлумачыць суразмоўца.
5. Калі выбарка ў апытаннях няпоўная, наколькі аб’ектыўнымі можна лічыць іх вынікі?
«Кожная выбарка, па сутнасці, гэта мадэль грамадства. І ніякая мадэль не супердакладная, але некаторыя з гэтых мадэляў вельмі карысныя. І я думаю, што тое, што мы робім, вельмі карысна», — каментуе сацыёлаг.
Быць упэўненымі ў тым, што даследаванні праз анлайн-панэлі не адарваныя ад рэальнасці, сацыёлагам дапамагаюць у тым ліку злівы апытанняў афіцыйных структур.
«Вядома, што апытанню ад Інстытута сацыялогіі пра ўзровень даверу Лукашэнкі мы верыць не зможам. Але калі там публікуецца нешта наконт медыяспажывання (што для вас асноўная крыніца інфармацыі — тэлевізар, ці інтэрнэт, ці радыё), то чаму не? І калі іх даныя выцякаюць, мы можам параўноўваць іх з нашымі анлайнікамі. Адрозненні ў выніках у нас ёсць, але ў дынаміцы і там, і там назіраюцца агульныя трэнды.
Гэтыя адрозненні прадказальныя. І мы будзем разумець, што тое, што мы назіраем, гэта не феномен нашай выбаркі ў анлайне. Гэта феномен у беларускім грамадстве агулам».
«Апроч гэтага, мы аналізуем розныя даступныя даныя. Напрыклад, апытанне праекта «Беларускі трэкер перамен» паказвае трэнд на павелічэнне сацыяльнага аптымізму і даверу да ўлады. Гэтыя даныя тлумачацца таксама даследаваннямі BEROC, якія паказваюць устойлівы рост задаволенасці эканамічным станам у краіне. Таксама «Беларускі трэкер перамен» робіць апытанні, падобныя да апытанняў Chatham House, напрыклад, пра вайну. Вынікі гэтых апытанняў не адрозніваюцца значна, адпаведна, мы можам ставіцца да іх з даверам».
6. Колькі людзей звычайна патрэбна для даследавання?
Звычайна гэта каля 800-1000 чалавек — такая лічба лічыцца дастатковай для выбаркі.
«Галоўнае — зразумець, наколькі дакладна мы хочам пабачыць малыя разрэзы. Так, у палітычных пытаннях малыя разрэзы даволі істотныя, таму што ў нас фрагментаванае грамадства, у нас цяпер палітычны канфлікт. Ёсць людзі, якія суперадмоўна ставяцца да ўлады, ёсць тыя, хто яе падтрымлівае. Тут мы не можам казаць пра беларусаў агулам як пра нешта маналітнае.
А вось у апытаннях наконт вайны ў нас ужо грамадскі кансэнсус — ён антываенны. Так ці інакш, тысячы чалавек звычайна хапае, каб выдзеліць розныя сегменты насельніцтва».
7. На анлайн-платформе зарэгістраваныя адны і тыя ж беларусы. Ці значыць гэта, што на розныя апытанні пастаянна могуць адказваць адны і тыя ж людзі, быць так званымі прафесійнымі рэспандэнтамі? Гэта неяк кантралюецца?
«Гэта кантралюецца на ўзроўні панэлі. Як гэта выглядае для рэспандэнтаў увогуле? Чалавек не ведае, у якой апытанцы ён апынецца. Ён не можа сам узяць і паўдзельнічаць ва ўсіх даступных апытаннях, бо яму высылаецца адмысловае запрашэнне. І мы можам настроіць працу так, каб запрашэнне не высылалася людзям, якія ў гэтым месяцы ўдзельнічалі ў больш чым двух апытаннях, напрыклад».
8. Якая ў людзей асноўная матывацыя ўдзельнічаць у апытаннях? Толькі грошы?
«Анлайн-панэлі плацяць за ўдзел. Звычайна за пару месяцаў можна зарабіць суму, каб схадзіць на вячэру ў рэстаран.
Але людзям часам проста прыемна адчуць сябе экспертам, прыемна, калі іх меркаваннем цікавяцца. Гэта асабліва каштоўна ў аўтарытарнай краіне. Пасля апытанняў мы збіраем фідбэкі, і багата людзей дзякуе за такую магчымасць. Звычайна ад маркетынгавых апытанняў пазітыўных водгукаў менш».
9. Наколькі гэта бяспечна для беларусаў унутры краіны?
«Па-першае, кожны сам вырашае, у якой ступені дае інфармацыю анлайн-панэлі. Першапачаткова чалавек рэгіструецца і можа пакінуць свае даныя, але можа абмежавацца ўзростам і электроннай поштай. Далей ужо ў самім апытанні могуць быць розныя пытанні. Радок пра нумар тэлефона можна прыбраць. А калі мы задаём пытанне пра месца жыхарства, часта бачым, што багата людзей адфільтроўваецца акурат на гэтым этапе.
Серверы анлайн-панэлі знаходзяцца за мяжой, і можна дапусціць, што патэнцыйна здарыцца зліў — напрыклад, спісу зарэгістраваных. Але звязаць зліты дата-сэт з кімсьці канкрэтным будзе супер складана (толькі калі чалавек у апытанцы сам пра сябе не расказаў нешта вельмі асабістае: што вось у маёй вёсцы пад Лепелем учора здохла карова)».
10. Ці ўлічваецца, што ў тых жа палітычных апытанках беларусы могуць хлусіць у адказах (па прычыне страху, напрыклад)?
«Мы дапускаем такое. І нават пралічвалі фактар страху разам з калегамі Рыгорам Астапенем і Канстанцінам Несцяровічам, рабіўшы спецыяльнае мадэляванне, якая рэакцыя можа быць у чалавека, калі яму страшна: а) ён можа проста закрыць апытанку, б) ён пойдзе да канца і будзе нас падманваць. Па выніку мадэлявання Chatham House зафіксавалі рэалістычнае магчымае перакручванне інфармацыі па асобных пытаннях на ўзроўні 8-9%.
Пры гэтым багата людзей у Беларусі выключаныя з інфармацыйнага парадку дня, яны не ведаюць, што рэпрэсіі працягваюцца масава. І яны спакойна могуць даць нам сваё шчырае меркаванне пра «хутчэй не давяраю Лукашэнку».
11. Якая верагоднасць таго, што таргетынг прывёў да вас членаў БРСМ ці супрацоўнікаў КДБ і яны таксама ўплываюць на вынікі апытанняў?
«Вядома, яны ёсць у краіне і могуць узяць удзел у апытанні. Але, апроч таго, што на анлайн-панэлях з’яўляюцца палітычныя апытанні, там яшчэ вельмі багата маркетынгавых. Там нават большасць апытанняў — маркетынгавыя, бо даследуюць там рознае не толькі «збеглыя змагары» кшталту мяне, а даследуюць яшчэ і бізнэс, у тым ліку з Расіі».
12. Нехта скажа: столькі «але» і кампрамісаў, навошта тады гэта ўсё?
«Даследаванні дапамагаюць рабіць высновы, а гэта трэба рабіць, каб не думаць, што ў Лукашэнкі 3% падтрымкі. Мем быў добры, з пункту гледжання паліттэхналогій увогуле крута рабіць так, каб Лукашэнка выглядаў смешным. Але вядома, што тры адсоткі — гэта не яго рэальны ўзровень падтрымкі, ён значна большы. Зразумела, што аўдыторыя незалежных сайтаў, дзе рабілі гэтыя даследаванні, яшчэ да 2020 года не любіла Лукашэнку. Аўдыторыя «Нашай Нівы», «Тутбая», «Анлайнера» моцна адрозніваецца ад генеральнай сукупнасці беларусаў.
Калі актары, каму неабыякава, што ў Беларусі адбываецца, будуць рабіць нешта, арыентуючыся на рэальную сітуацыю ў краіне, я думаю, што гэта будзе карысна для ўсіх.
Напрыклад, датычна апошняга нашага даследавання ідэнтычнасці, дзе бачнае сутыкненне двух беларускіх нацыянальных наратываў. Я думаю, яго варта пачытаць сённяшнім палітыкам. Таму што калі заўтра Лукашэнка знікне, а разам з ім Карпянкоў, Качанава і іншыя, і да ўлады прыйдзе Святлана Ціханоўская і яе кабінет, усе астатнія беларусы ўсё роўна нікуды не падзенуцца. Тыя, у якіх іншае ўяўленне пра нацыянальнае адраджэнне і каштоўнасці.
Новаму ўраду трэба будзе з рэальнасцю працаваць, а не з выдуманай краінай. Інакш мы будзем мець сітуацыю, падобную да той, якую мелі ў дзевяностыя: нікому не будзе цікава, што насамрэч там былі добрыя дэмакраты, якія правільныя рэчы казалі, таму што грамадская думка так не працуе. Знойдуцца людзі, якія будуць казаць, што нацыяналісты хочуць вас прымусіць размаўляць выключна па-беларуску і расстрэльваць за тое, што вы размаўляеце па-руску. І калі не апераваць нармальным уяўленнем пра тое, што такое Беларусь і беларусы, то ў падобныя пасткі даволі проста трапіць».
Чытайце таксама:
Беларускія гараджане не хацелі б павелічэння русіфікацыі — незалежнае даследаванне
У свеце зніжаецца цікаўнасць да рускай мовы, асабліва пасля нападу на Украіну
Даследаванне выявіла ў Гродне 285 варожых Беларусі назваў вуліц. Вось як прапануюць іх перайменаваць
Большасць студэнтаў БДУ лічыць прымальнымі гомасэксуальнасць і аднаполыя шлюбы