Ад рэгі да дыска: кароль Карл III прадставіў публіцы свой асабісты музычны плэйліст
7.03.2025 / 14:48
Кароль Вялікабрытаніі Карл III запускае свой асабісты плэйліст з музыкай, якая, паводле яго слоў, падымае яму настрой і звязаная з важнымі ўспамінамі.
Jonathan Brady/Pool photo via AP
Музычныя перавагі брытанскага манарха вельмі разнастайныя — ад рэгі да дыска. Сярод іншага, у ягоны плэйліст увайшлі хіты Боба Марлі, Кайлі Міноўг і Грэйс Джонс, піша Бі-бі-сі.
Поўны плэйліст з падрабязнымі каментарыямі Карла III будзе прадстаўлены публіцы ў панядзелак — у Дзень Садружнасці нацый.
Менавіта да гэтай даты прымеркаваны праект «Музычны салон караля» (King’s Music Room), які прысвечаны музычнай разнастайнасці краін Садружнасці нацый.
Плэйліст адлюстроўвае музычныя інтарэсы Карла III на працягу ўсяго ягонага жыцця — ад эстрадных выканаўцаў 1930-х гадоў да сучасных зорак афрабіту.
У сваіх каментарыях Карл III падзеліцца гісторыямі пра любімых артыстаў, асабліва тых, каго ён меў магчымасць пачуць ужывую.
Сярод выканаўцаў у плэйлісце: рэгі Боба Марлі, танцавальная музыка Кайлі Міноўг, сінглы амерыканскага спевака нігерыйскага паходжання Давіда, а таксама кампазіцыі брытанскага выканаўцы і аўтара песень Рэй.
Цікавы факт: Кароль упершыню пачуў Рэя на канцэрце, які адбыўся на калядным кірмашы ў будынку былой лонданскай электрастанцыі Батэрсі, дзе цяпер знаходзіцца штаб-кватэра Apple.
Карл III называе гэты плэйліст саўндтрэкам свайго жыцця. Праект быў рэалізаваны ў партнёрстве з Apple Music.
Для яго рэкламы Карл III сфатаграфаваўся ў Букінгемскім палацы за сталом з таблічкай «у эфіры», што, на думку аўтараў здымка, надае яму вобраз сапраўднага ды-джэя.
У відэароліку, які выйшаў напярэдадні прэзентацыі плэйліста, змена каралеўскай варты ля каралеўскага палаца праходзіць пад песню Боба Марлі Could You Be Loved.
Карл III даўно цікавіцца творчасцю Марлі і нават наведваў былы дом спевака на Ямайцы, які цяпер ператвораны ў музей.
«Я хацеў асабліва падзяліцца тымі песнямі, якія прыносілі мне радасць. Музыка заўсёды шмат значыла для мяне», — кажа Карл III ў відэа, прысвечаным запуску праекта.
«Яна мае здольнасць выклікаць шчаслівыя ўспаміны, якія падымаюцца з самых далёкіх куткоў памяці, суцяшаюць нас у часы смутку і пераносяць у розныя месцы», — дадае ён.
Аднак, на думку караля, самае галоўнае прызначэнне музыкі — уздымаць настрой, прыносіць радасць і аб’ядноўваць людзей у святкаванні жыцця.
Традыцыйна каралеўская сям’я ў гэты дзень збіраецца на службу ў Вестмінстарскім абацтве.
«Мне падалося, што [выпуск плэйліста] можа стаць цікавым і інавацыйным спосабам адзначыць Дзень Садружнасці сёлета», — падкрэсліў Карл III.