БЕЛ Ł РУС

У Беларусі з’явіўся сэрвіс дастаўкі лекаў. Пакуль ён працуе ў тэставым рэжыме

8.03.2025 / 9:49

Nashaniva.com

У Беларусі запусціўся аптэчны анлайн-сэрвіс замовы і дастаўкі лекавых прэпаратаў і БАДаў. Зараз праводзіцца яго тэставанне.

Дадатку ў маркетах пакуль няма — на сайце ёсць інфармацыя, што яно «хутка стане даступным». Аднак дастаўку ўжо можна замовіць на apteka.by.

Замоўлены прэпарат ці іншы аптэчны тавар даставяць «у бліжэйшую партнёрскую аптэку сэрвісу», — гаворыцца ў прэс-рэлізе аб праекце.

У ім адзначаецца, што нават самыя буйныя аптэкі сёння не могуць прапанаваць беларусам увесь асартымент лекаў, даступных у краіне. Таму неабходныя прэпараты часта даводзіцца шукаць у розных месцах — а часам нават ехаць за імі ў іншы горад.

Паведамляецца, што сэрвіс apteka.by дазволіць вырашыць гэтую праблему: чалавек можа выбраць патрэбныя лекі на сайце, параўнаць цэны з іншымі платформамі і замовіць іх дастаўку ў бліжэйшую аптэку (варта ўлічваць, што пакуль гаворка ідзе не пра найбліжэйшую да дома заказчыка, а пра найбліжэйшую партнёрскую аптэку).

Дастаўку заказу можна будзе адсочваць з дапамогай трэкінгу. Калі тавар прыбудзе, кліент атрымае паведамленне і зможа забраць яго «ў зручны для сябе час, аплаціўшы на месцы».

На дадзены момант, паводле прэс-рэлізу, да сэрвісу падключана каля 300 аптэк па ўсёй краіне, і вядзецца праца па далучэнні новых.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула