БЕЛ Ł РУС

Расіянку, якая паказала найлепшы сярод суайчыннікаў вынік на Такійскім марафоне, дыскваліфікавалі за махлярства

8.03.2025 / 10:43

Nashaniva.com

Яна скараціла маршрут на некалькі кіламетраў.

Выкладчыца МГІМО Дар'я Ядзерная паказала найлепшы час сярод расіянак на марафоне ў Токіа — 02:46:42 на дыстанцыі 42,2 км і заняла 47-е месца ў агульным жаночым заліку. Але яе вынік быў ануляваны, а саму дзяўчыну выключылі з выніковага пратакола, піша Sport Baza.

Спачатку стала вядома, што Ядзерная прапусціла некалькі кантрольных адсечак. Калі пачалі разбірацца ў прычынах, высветлілася, што яна скараціла маршрут.

Пасля з’яўлення інфармацыі пра яе дыскваліфікацыю ў інтэрнэце пачалі аналізаваць і папярэднія марафоны Ядзернай. За апошнія тры гады яна ўдзельнічала ў марафонах у Бостане, Нью-Ёрку, Берліне, Лондане, Чыкага і Токіа.

Папярэднія даныя паказваюць, што ва ўсіх марафонах, акрамя Бостанскага, Ядзерная скараціла ад 8 да 12 кіламетраў, штучна паляпшаючы свае вынікі з забегу ў забег.

У адным з марафонаў яна нават пад'язджала на метро.

Пры гэтым, верагодна, яна загадзя прадумвала, дзе менавіта «зрэзаць» маршрут, таму бегла з тэлефонам, каб лепш арыентавацца.

Факт махлярства пацвердзіў яе былы трэнер. Паводле яго слоў, ён адмовіўся працаваць з дзяўчынай пасля марафону ў Берліне.

А вось наступны трэнер, наадварот, ганарыўся Ядзернай і пісаў пахвальныя пасты. Напрыклад, ён заяўляў, што спартсменка «можа вывярнуцца навыварат дзеля выніку».

Дарэчы, Ядзерная настолькі верыла ў свой поспех, што выпусціла кнігу на англійскай мове: «Бегчы павольна і спакойна: выйграць гонку з апошняга месца. Ад 700 м да марафону за 9 месяцаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула