БЕЛ Ł РУС

ЗША не першы раз у гісторыі вядуць гандлёвыя войны. Ці прыносілі поспех папярэднія?

8.03.2025 / 20:33

Nashaniva.com

Усяго за паўтара месяца прэзідэнства Дональда Трампа амерыканцы пачалі гандлёвую вайну супраць Кітая, Канады і Мексікі. Калі меркаваць з рыторыкі трампаўскай адміністрацыі, то пошліны могуць увесці нават супраць еўрапейскіх краін. У амерыканскай гісторыі гэта не першы раз, калі прэзідэнт вырашае «выратаваць» дзяржаўную эканоміку падобнымі мерамі. Выданне Palatno расказвае, як амерыканцы праводзілі гандлёвыя войны ў мінулым стагоддзі і як яны ўплывалі на ўсіх.

Палітыка амерыканскага пратэкцыянізму

У мінулых стагоддзях ЗША некалькі разоў удзельнічалі ў гандлёвых войнах — звычайна яны іх і пачыналі. Ад вайны з танкамі, артылерыяй, самалётамі і тысячамі вайскоўцаў з вінтоўкамі гандлёвая вайна адрозніваецца тым, што дзяржавы замест забойстваў людзей уводзяць квоты і санкцыі, павышаюць пошліны на тавары.

Адным з першых і гучных прыкладаў была гандлёвая вайна паміж ЗША і Канадай пасля Грамадзянскай вайны ў XIX стагоддзі: тады краіны пачалі ўводзіць мацнейшыя пошліны. У 1879 годзе сітуацыя дайшла да такой ступені, што канадскі ўрад увёў настолькі высокія мытныя пошліны, што шэраг буйных амерыканскіх кампаній перанеслі вытворчасць у Канаду, каб абыходзіць гэтыя пошліны.

У такім жа становішчы аказаліся і еўрапейскія краіны, але пазбягалі канфрантацыі з амерыканцамі. У 1880-я гады Германія і Францыя забаранілі імпарт свініны з Злучаных Штатаў, але як толькі амерыканскі ўрад толькі пачаў пагражаць мерамі ў адказ — еўрапейскія партнёры адразу здаліся.

Аднак ужо пад канец XIX стагоддзя ЗША сталі моцным гульцом у сусветнай эканоміцы, таму за дзеяннямі амерыканскага ўрада пры ўвядзенні любых пошлін пільна назіралі. У той жа час амерыканская эканоміка церпіць ад канкурэнцыі з боку еўрапейскіх вытворцаў, а ў Штатах адбываецца Паніка 1893 года, пасля якой павялічваюцца пратэкцыянісцкія погляды.

Паніка на біржы ў 1893 годзе. Малюнак Фрэнка Лэслі, май 1893 год.

Паніка 1893 года — гэта найбуйнейшы эканамічны крызіс у Злучаных Штатах Амерыкі да Вялікай дэпрэсіі. Яго галоўнай прычынай быў крах некалькіх буйных кампаній, асабліва чыгуначных, з-за пазыкаў. У той жа час амерыканскі ўрад падтрымліваў не толькі залаты стандарт, але і срэбны. З-за гэтага многія амерыканскія банкі не мелі дастатковага рэзерву золата і не змаглі вытрымаць наплыву кліентаў, якія хацелі забраць свае грошы. З-за крызісу закрыліся тысячы прадпрыемстваў і сотні банкаў, рэзка павысілася беспрацоўе, банкротамі сталі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Крызіс працягваўся да 1897 года.

У 1890-я гады Рэспубліканская партыя падтрымлівала палітыку пратэкцыянізму і разам з гэтым высокія мытныя пошліны. Адным з ключавых прыхільнікаў высокіх тарыфаў быў рэспубліканец Уільям Мак-Кінлі, які двойчы выйграваў прэзідэнцкія выбары. Яшчэ да свайго прэзідэнцтва Мак-Кінлі ініцыяваў увядзенне закону, які падняў сярэднюю мытную стаўку амаль да 50%.

На той час дзяржаўны бюджет ЗША атрымліваў найбольшы адсотак даходу менавіта з-за пошлін. Да таго ж рэспубліканцы імкнуліся падтрымаць амерыканскіх прамыслоўцаў і стварыць больш працоўных месцаў пасля рэцэсіі, выкліканай Панікай 1893 года.

У 1897 годзе Мак-Кінлі заняў прэзідэнцкую пасаду — дарэчы, ён прэзідэнт, найбольш шанаваны Дональдам Трампам, — і паспрыяў прыняццю закона з яшчэ больш высокімі пошлінамі. Паводле розных ацэнак, гэты закон прывёў да росту цэнаў на спажывецкія тавары ў ЗША амаль на 25% за дзесяць гадоў.

Уільям Мак-Кінлі — любімы прэзідэнт Дональда Трампа

У кароткатэрміновай перспектыве палітыка Мак-Кінлі мела змяшаны эфект. З аднаго боку, некаторыя галіны амерыканскай прамысловасці раслі, а канкурэнцыя з боку замежных кампаній зніжалася, з-за пошлін рос дзяржаўны бюджет краіны. З іншага боку, адбылося рэзкае падаражанне тавараў, пацярпелі сельскагаспадарчыя экспарцёры, бо замежныя рынкі закрываліся ў адказ.

Для іншых дзяржаў таксама былі розныя наступствы. Канада страціла доступ да амерыканскага рынку, арыентавалася на ўласны рынак і сувязі з Брытанскай імперыяй. Еўрапейскія краіны шукалі кампраміс ці ўзмацнялі ўласную пратэкцыянісцкую палітыку.

У ЗША сам факт высокіх пошлін стаў важнай палітычнай тэмай. Дэмакратычная партыя патрабавала іх змякчэння і называла пратэкцыянізм прычынай манаполій і высокіх цэн. Сам Уільям Мак-Кінлі пад канец жыцця перагледзеў уласнае стаўленне да такой палітыкі: за дзень да сваёй смерці ў 1901 годзе ён выступіў за ўзаемныя гандлёвыя дамовы з іншымі краінамі, што азначала падтрымку больш свабоднага гандлю замест ізаляцыі.

Вялікая дэпрэсія і новыя гандлёвыя войны

У канцы 1920-х гадоў ЗША пасля некалькі дзесяцігоддзяў свабоднага гандлю вярнуліся да жорсткага пратэкцыянізму. У 1929 годзе пачалася Вялікая дэпрэсія: амерыканскія фермеры і прамыслоўцы сутыкнуліся з рэзкім падзеннем цэн і даходаў. Асабліва моцна пацярпела сельская гаспадарка, калі абваліліся цэны на амерыканскае збожжа.

Усё гэта прывяло да патрабаванняў абараніць унутраны рынак ад замежнай канкурэнцыі. У 1928 годзе прэзідэнт Герберт Гувер падчас выбарчай кампаніі абяцаў падняць пошліны, каб дапамагчы фермерам. Спачатку меркавалася, што пошліны абмяжуюцца сельскагаспадарчымі таварамі, але пад ціскам розных галін прамысловасці і лабістаў іх павысілі па ўсіх сектарах эканомікі.

У 1930 годзе быў прыняты Акт аб тарыфах Смута-Хоўлі. Закон значна павысіў амерыканскія пошліны, а стаўкі на сотні пазіцый тавараў дасягнулі рэкордных узроўняў.

Рэакцыя амерыканскіх партнёраў была хуткай і сіметрычнай: дзясяткі краін на працягу двух гадоў павышалі пошліны ці ўводзілі абмежаванні на амерыканскія тавары. У хуткім часе экспарт амерыканскіх тавараў у еўрапейскія краіны і Канаду скараціўся на 40%.

Уільям Хоўлі і Рыд Смут — па іх імёнах назвалі знакаміты Акт аб тарыфах 1930 года

У пачатку 1930-х гадоў свет увайшоў у сапраўдную гандлёвую вайну, дзе ўсе былі супраць усіх. Кожная краіна імкнулася пераламіць крызіс на сваю карысць за кошт суседзяў. Вынікі аказаліся разбуральнымі для ўсіх бакоў: міжнародны гандаль скараціўся — сусветны экспарт і імпарт паміж 1929 і 1934 гадамі абваліўся прыкладна на 65%. У самой Амерыцы замест абяцанага аздараўлення эканомікі наступіў шок.

Для ЗША гісторыя з Актам аб тарыфах Смута-Хоўлі стала вялікім урокам. Фактычна ён і завяршыў эпоху палітыкі вялікіх пошлін у ЗША. Адміністрацыя Франкліна Рузвельта прыняла новы курс і прызнала, што далейшая падтрымка гандлёвай вайны толькі перашкаджае выхаду з Вялікай дэпрэсіі. Амерыканцы сталі прасоўваць палітыку пошуку кампрамісаў і кааперацыі ў гандлі, а не канфрантацыі праз пошліны. Але так было нядоўга…

Бананавыя, курыныя войны і канфлікт з японцамі

Пасля Другой сусветнай вайны сусветная эканоміка ўвайшла ў перыяд лібералізацыі гандлю: шматбаковыя пагадненні зніжалі пошліны, гандлёвыя войны станавіліся ўсё больш рэдкімі. Аднак час ад часу амерыканскі ўрад уступаў у лакальныя гандлёвыя спрэчкі. Такія канфлікты былі менш маштабнымі і вырашаліся хутчэй, чым у папярэднія гады.

«Курыная вайна»

У 1960-я гады паміж ЗША і Еўропай адбылася «курыная вайна». Да пачатку 1960-х амерыканская птушкагадоўчая прамысловасць рэзка нарошчвала вытворчасць. Таннае курынае мяса хлынула на рынкі Заходняй Еўропы і пачала канкураваць з мясцовай прадукцыяй. Еўрапейскія краіны ўбачылі ў гэтым пагрозу, таму еўрапейцы (Францыя і Заходняя Германія) увялі пошліны на імпарт амерыканскай курыцы. Амерыканскія экспарцёры страцілі значную частку рынку.

Амерыканскі ўрад абвясціў пакет адпаведных пошлін. Галоўны ўдар быў накіраваны па аўтамабільнай прамысловасці Еўропы, пад санкцыі трапілі і некаторыя іншыя тавары. Еўрапейскія краіны, якія апынуліся пад ударам, адмовіліся ад далейшай эскалацыі, а амерыканцы адмянілі частку пошлін, таму гэтая вайна не вельмі моцна паўплывала на сусветны гандаль.

Гандлёвая вайна з японцамі

У 1980-я гады амерыканская эканоміка сутыкнулася з феноменам вялізнага гандлёвага дэфіцыту адносна Японіі. Амерыканскія ўлады абвінавачвалі Японію ў нядобрасумленнай канкурэнцыі: лічылася, што японцы трымалі ўнутраны рынак закрытым для замежных тавараў і дэмпінгавалі па цэнах.

Адміністрацыя Рональда Рэйгана абрала тактыку ціску і прымусіла Токіа пагадзіцца на шэраг дамоваў, якія фактычна абмежавалі японскі экспарт. Адносіны Японіі і ЗША былі такімі напружанымі, што яны заключылі паміж сабой больш за сто гандлёвых пагадненняў і мемарандумаў за некалькі гадоў. А пазней асноўным азіяцкім канкурэнтам для амерыканцаў стаў Кітай.

«Бананавая вайна»

У 1990-я гады новым прадметам для гандлёвай спрэчкі паміж ЗША і Еўропай стаў, на першы погляд, нязначны прадукт — бананы. На той час еўрапейскія краіны ўжо ўтварылі Еўрасаюз, стварылі адзіны рынак і ўвялі спецыяльны рэжым імпарту бананаў. Спецыяльны рэжым даваў перавагу імпарту бананаў з былых калоній еўрапейскіх дзяржаў у Карыбскім басейне, Афрыцы і ціхаакіянскім рэгіёне.

Бананы з Лацінскай Амерыкі, дзе працавалі буйныя амерыканскія кампаніі, абкладаліся высокімі пошлінамі, што абмяжоўвала іх долю на еўрапейскім рынку. Як дзяржава Злучаныя Штаты не экспартавалі бананы, але выступілі ў абарону інтарэсаў транснацыянальных кампаній і лацінаамерыканскіх партнёраў.

Амерыканскі ўрад лічыў, што палітыка Еўрасаюза парушае прынцып свабоднага гандлю, таму быў падрыхтаваны пазоў у Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Праз некалькі гадоў пасля разбіральніцтваў СГА вынесла рашэнне на карысць ЗША і абавязала Еўрасаюза прывесці палітыку ў адпаведнасць з правіламі свабоднага гандлю: спачатку еўрапейскія краіны адмаўляліся выконваць гэта рашэнне, але пасля пагрозаў амерыканцаў увесці 100%-я пошліны адразу ж пагадзіліся. Аднак канчаткова канфлікт зацягнуўся амаль на 20 гадоў, пагадненне паміж ЗША і Еўрасаюзам заключылі толькі ў 2012 годзе.

Ці працуюць гандлёвыя войны?

Досвед мінулага стагоддзя яскрава дэманструе, што гандлёвыя войны часта лёгка пачынаюцца, але прыводзяць да цяжкіх наступстваў для ініцыятараў і іх партнёраў. Злучаныя Штаты прайшлі праз некалькі хваляў гандлёвых канфліктаў, і яны не прыносілі ім адназначнай карысці. Чаму ж яны іх пачыналі?

Па-першае, асноўныя прычыны гандлёвых канфліктаў ЗША былі выкліканыя ўнутранымі праблемамі: эканамічныя крызісы (Паніка 1893 года ці Вялікая дэпрэсія), ціск прамысловага ці аграрнага лобі, палітычныя ідэалогіі (пратэкцыянісцкая дактрына рэспубліканцаў). Гандлёвыя войны часцяком узнікалі як рэакцыя на беспрацоўе і эканамічныя цяжкасці — урад ЗША спадзяваўся праз абарону рынку вырашыць гэтыя праблемы.

Амерыканцы найчасцей павышалі тарыфы, як гэта адбылося пры Мак-Кінлі і Гуверы. Акрамя гэтага, выкарыстоўваліся санкцыі і квоты: ад адрасных пошлін на канкрэтныя тавары да прымусу і абмежаванняў экспарту.

Рэакцыя іншых краін на амерыканскія дзеянні — то бок, увядзенне тарыфаў — была сіметрычнай ці адаптыўнай. У адказ на павышэнне пошлін яны таксама падымалі тарыфы або нават цалкам спынялі імпарт некаторых тавараў ЗША. Нярэдка ўтвараліся альтэрнатыўныя гандлёвыя блокі: Вялікабрытанія і яе калоніі, напрыклад, згуртаваліся падчас Вялікай дэпрэсіі, каб менш залежаць ад ЗША.

Іншы тып рэакцыі — перамовы і кампраміс: краіны са слабейшымі эканомікамі, напрыклад, Японія ў 1980-я гады, часцей ішлі на ўмовы амерыканцаў, каб пазбегнуць пагаршэння канфлікту.

Эканамічныя і палітычныя наступствы гандлёвых войнаў аказваюцца пераважна негатыўнымі.

Эканамічна: падчас буйных канфліктаў тармазіцца рост, рэзка скарачаецца сусветны гандаль і пакутуюць усе ўдзельнікі. Нават моцная эканоміка ЗША можа панесці страты, бо экспартныя галіны будуць у заняпадзе, спажыўцы будуць плаціць больш, меры ў бок замежнікаў, наадварот, наносілі шкоду амерыканскім фермерам і вытворцам.

У палітычным плане гандлёвыя войны прыводзяць да пагаршэння адносін паміж краінамі, росту нацыяналізму і недаверу. Пратэкцыянісцкая палітыка 1930-х гадоў паказала, што без супрацоўніцтва эканамічныя праблемы толькі пагаршаюцца, а палітычныя канфлікты абвастраюцца.

Чытайце таксама:

«Рэйган пераварочваецца ў труне». Дэмакраты даручылі адказваць Трампу сенатарцы, чый прадзед уцёк у Амерыку з Койданава

Канада адказала Трампу на мыты ўвядзеннем сваіх. Трамп абяцае свае падвоіць

Трамп падвоіў мыты на тавары з Кітаю і ўвёў у дзеянне ўказ пра мыты для Канады і Мексікі ў 25%

«Без нашай падтрымкі краіна перастане існаваць». Трамп зноў прапанаваў, каб Канада стала 51-м штатам ЗША

Кітай адказаў сваімі пошлінамі на гандлёвыя меры ЗША

Трамп увёў тарыфы для Кітая і хоча абкласці імі Еўрасаюз. Ці закране Беларусь?

Каментары да артыкула