«Сітуацыю змянілі вайскоўцы з КНДР». Што цяпер адбываецца ў Курскай вобласці
8.03.2025 / 21:49
Расійская армія прарвалася праз украінскую мяжу абароны на поўдзень ад Суджы ў Курскай вобласці перш за ўсё сіламі вайскоўцаў з КНДР і ў выніку масавага выкарыстання расійскіх дронаў на оптавалакне. Пра гэта выданню «Суспільне» расказаў вайсковец аднаго з падраздзяленняў, якія знаходзяцца ў Курскай вобласці.
Карта Deep State, якая паказвае сітуацыю ў Курскай вобласці Расіі і на прыгранічнай Сумшчыне па стане на 21:00 мінскага часу 8 сакавіка 2025 года. Скрыншот Deep State
«Сітуацыя развіваецца не на нашу карысць. 95% страт тэхнікі і агнявых пазіцый у нашых падраздзяленнях — гэта варожыя дроны на оптавалакне», — кажа крыніца выдання.
Вайсковец таксама пракаментаваў спробу перакінуць групу праз газаправод «Прагрэс»:
«Там наступалі вайскоўцы КНДР, у разы лепш навучаныя, чым да таго, і дзейнічаюць яны больш зладжана. Месца прарыву [сілы абароны] адразу ўзялі пад агнявы кантроль, асноўную наступальную сілу разбілі. [ … ] У цэлым сітуацыю маглі б стабілізаваць свежыя сілы з нашага боку, але іх няма».
Іншы вайсковец, падраздзяленне якога трымае абарону паміж Жураўкай і Басоўкай у Сумскай вобласці (раён КПП «Суджа») сказаў, што раней расійскім войскам удалося прарваць мяжу ў гэтым раёне. Цяпер там шэрая зона і працягваецца зачыстка.
«Мяжу прарвалі выключна квадрацыкламі, без выкарыстання цяжкай тэхнікі. У моманты штурму варожая артылерыя накрывала найбліжэйшыя пасадкі з нашымі пазіцыямі, што не дазваляла эфектыўна працаваць нашым пілотам дронаў і мінамётнікам», — кажа ён.
Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі Рады нацыянальнай бяспекі Украіны паведаміў, што масавага прарыву мяжы паміж Новенькімі і Жураўкай на Сумшчыне не фіксавалі.
У ноч на 7 сакавіка аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў у Курскай вобласці. Расійскія войскі засяродзілі намаганні на агнявым кантролі дарогі Сумы — Юнакоўка — Суджа.
У аператыўна-тэхнічнай групоўцы «Курск» выданню «Суспільне» пацвердзілі, што маштабныя штурмавыя дзеянні з боку расійскіх вайскоўцаў адбыліся на кірунках з населенага пункта Коранева на Суджу, а таксама на кірунках Новаіванаўка, Малая Локня і на поўдзень ад горада Суджа.
Чытайце таксама:
УСУ паведамляюць пра знішчэнне «вялікай групы дыверсантаў» у тунэлі
Расійскія войскі пачалі штурм Суджы
100 расіян дайшлі да Суджы па трубе газаправода і не ўзарваліся
Украіна праспала дронавую рэвалюцыю? Чаму оптавалаконныя дроны мяняюць многае на полі бою
Украінскія вайскоўцы пачалі выкарыстоўваць беспілотнікі з валаконна-аптычным каналам кіравання