Стрыечны брат віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса ваяваў за Украіну
10.03.2025 / 0:41
Нэйт Вэнс два з паловай гады ваяваў ва ўкраінскай арміі.
Нэйт Вэнс. Скрыншот відэа The Real Jim Morris Show
47-гадовы Нэйт Вэнс — стрыечны брат віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса і былы амерыканскі марскі пяхотнік. Ён быў добраахвотнікам у складзе вядомага падраздзялення ўкраінскай арміі пад назвай «Ваўкі Да Вінчы», паведамляе Le Figaro.
У Нэйта і Джэй Дзі Вэнса агульныя бабуля з дзядулем, маці Джэй Дзі — сястра бацькі Нэйта.
Джэй Дзі Вэнс з жонкай (у цэнтры), Нэйт Вэнс — справа. Фота: архіў Нэйта Вэнса / Le Figaro
З 18 да 22 гадоў Нэйт служыў у амерыканскай марской пяхоце, пасля ў Тэхасе рабіў кар'еру ў нафтавай кампаніі.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна Расіі ва Украіне, ён рашыў паехаць на фронт. У чэрвені 2022 года мужчына ўжо быў на Данбасе. Ён удзельнічаў у баях за Купянск, Бахмут, Аўдзееўку і Пакроўск.
Нэйт звольніўся з украінскай арміі ў студзені 2025 года, за некалькі дзён да таго, як яго стрыечны брат быў прыведзены да прысягі як віцэ-прэзідэнт ЗША.
Нэйт Вэнс расказаў выданню, што яго раззлавала нядаўняя размова яго стрыечнага брата і Дональда Трампа з Уладзімірам Зяленскім у Белым доме.
«Джэй Дзі — добры, разумны хлопец. Калі ён крытыкаваў дапамогу Украіне, я казаў сабе, што гэта было таму, што ён павінен быў спадабацца пэўнаму электарату, што гэта была палітычная гульня. Але тое, што яны зрабілі з Зяленскім, было абсалютна нядобрасумленнай засадай».
«Дональд Трамп і мой стрыечны брат, відавочна, думаюць, што змогуць атрымаць перамогу над Уладзімірам Пуціным. Яны памыляюцца. Рускія не збіраюцца забываць аб нашай падтрымцы Украіны. Мы карысныя ідыёты Уладзіміра Пуціна», — выказаўся ён.