БЕЛ Ł РУС

На перамовах у Саудаўскай Аравіі ЗША высветляць, ці гатова Украіна да міру

10.03.2025 / 7:47

Nashaniva.com

ЗША падчас перамоваў з украінскай дэлегацыяй у Саудаўскай Аравіі ў аўторак плануюць высветліць, ці гатовы Кіеў пайсці на саступкі Расіі дзеля спынення вайны, паведамляе Reuters са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў, якія размаўлялі на ўмовах ананімнасці.

Дзяржсакратар Марка Рубіа. Фота: Alex Brandon / AP

Амерыканская дэлегацыя таксама будзе «сачыць за прыкметамі таго, што ўкраінцы сур'ёзна настроены на паляпшэнне адносін» з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пасля спрэчкі ў Белым доме, сказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва.

Дэлегацыю ЗША ўзначаліць дзяржсакратар Марка Рубіа, украінскую — кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак. Чакаецца, што да Рубіа далучацца дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і спецыяльны пасланнік на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.

«Нельга казаць «я хачу міру» і «я адмаўляюся ісці на кампраміс»», — сказаў Reuters адзін з амерыканскіх чыноўнікаў.

«Мы хочам убачыць, ці зацікаўлены ўкраінцы не проста ў міры, а ў рэалістычным міры, — заявіла іншая крыніца. — Калі іх цікавяць толькі межы 2014 або 2022 года, гэта аб нечым сведчыць».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў панядзелак правядзе ў Саудаўскай Аравіі перамовы з наследным прынцам Мухамедам бін Салманам, пасля чаго ўкраінская каманда застанецца для перамоваў з амерыканскім бокам.

У вячэрнім звароце ў нядзелю Зяленскі сказаў, што спадзяецца на вынікі перамоваў як па набліжэнні міру, так і па працягненні падтрымкі з боку Вашынгтона.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША амаль аднавілі абмен разведвальнымі данымі з Украінай, паведамляе Reuters. Ён таксама сказаў, што чакае добрых вынікаў ад наступных перамоваў амерыканскіх і ўкраінскіх афіцыйных асоб у Саудаўскай Аравіі.

Адказваючы на пытанне, ці разглядае ён магчымасць аднаўлення абмену інфармацыяй, Трамп сказаў: «Мы амаль зрабілі гэта. Вось-вось».

З нагоды перамоваў у Саудаўскай Аравіі ён заявіў наступнае: «Я веру, што мы дасягнем вялікага прагрэсу на гэтым тыдні».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула