Сям’я з пяці чалавек ледзь не загінула на пажары ў Капыльскім раёне: маці і сямігадовы сын у рэанімацыі
10.03.2025 / 10:33
Пажар здарыўся раніцай у нядзелю ў вёсцы Вялікая Раёўка, паведамляе МНС.
Скрыншот відэа МНС
У службу выратавання 9 сакавіка ў 6:10 паступіла інфармацыя пра пажар у жылым доме ў вёсцы. Падраздзяленні МНС, што прыбылі на месца, пабачылі, што дом гарыць адкрытым полымем.
Гаспадар дома знаходзіўся ў двары. Ён паведаміў, што ўсе члены сям’і паспелі пакінуць палаючае памяшканне і знаходзяцца ў суседзяў.
На момант узнікнення пажару ўся сям’я спала ў адным пакоі.
Гаспадар дома прачнуўся ад трэску, адкрыў дзверы ў кухню і ўбачыў агонь. Ён неадкладна пачаў будзіць сям’ю і выводзіць яе з дома, адзіны выхад з якога праходзіў праз ахопленую полымем кухню.
Пры самастойным выхадзе з палаючага дома ўсе члены сям’і атрымалі траўмы: 44-гадовы гаспадар дома — апёкі 8% цела, ён шпіталізаваны. 43-гадовая жонка — — апёкі 70% цела, знаходзіцца ў рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі. Стан надзвычай цяжкі. Сямігадовы сын — апёкі 80% цела і інгаляцыйная траўма, шпіталізаваны ў рэанімацыю. Стан крытычны. 10-гадовая дачка — апёкі 1,5% цела, дзевяцігадовы сын — атручэнне прадуктамі гарэння.
Стан двух малодшых дзяцей ацэньваецца як здавальняючы.
Прычына пажару высвятляецца.