БЕЛ Ł РУС

«Разумны чалавек, і гэта максімум». Што кажуць пра Аляксандра Турчына, новага прэм’ера

10.03.2025 / 13:7

Сяргей Гезгала

«Ці можна яго характарызаваць як прагматыка?» — запыталася «Наша Ніва» ў беларускага бізнэсоўца, які назіраў за Турчыным з 2010-х. 

«Перш за ўсё любы чыноўнік сёння і ўчора — гэта канфарміст, — сказаў «Нашай Ніве» прадпрымальнік з кантактамі ў вышэйшых эшалонах улады. — У цэлым ён сам гэта пацвярджае першымі каментарамі. «Прагматык» гучыць занадта добра, — дадаў суразмоўца.

— «Рэфарміст»?

— «Рэфарміст» не адпавядае цяперашняму этапу. Рэфармістам ён мог быць у мінулым, не такім далёкім.

— «Дзяржаўнік»?

— «Дзяржаўнік» — гэта ў цэлым характарыстыка па змоўчанні ўсіх чыноўнікаў, за рэдкім выключэннем відавочных комерсаў ва ўладзе.

— «Рыначнік»?

— Гэта дакладней, чым рэфарміст. Дарэчы, «рыначнік» — гэта станоўчая рыса. Для мяне ён рыначнік, але канфарміст. І, магчыма, гэта найлепшае спалучэнне, бо рэфармістаў нам не дадуць. Дай бог, каб далі хаця б проста разумных людзей», — кажа прадпрымальнік.

Прызначэнне 49-гадовага Аляксандра Турчына можа сведчыць як пра чаканне эканамічнага крызісу ў Расіі, наступствы якога перакінуцца на Беларусь, так і пра намер Лукашэнкі змякчыць курс пасля пяці гадоў замарожвання і рэпрэсій.

Самае відавочнае, што Лукашэнка выбраў у прэм’еры чалавека актыўнага і ініцыятыўнага, які здольны на пошук новых рашэнняў для эканомікі і які пры гэтым лаяльны цяперашняму прарасійскаму і рэпрэсіўнаму палітычнаму курсу.

Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы прэм’ер-міністрам Аляксандра Турчына, адзначыў яго ўладарнасць і рашучасць — «наяўнасць прэзідэнцкіх схільнасцяў», як назваў гэта Лукашэнка.

«Я спецыяльна, вы заўважылі, цэлымі блокамі прадставіў нашых віцэ-прэм'ераў і тых міністраў, якія будуць з імі працаваць. Я хачу, каб вы заўсёды памяталі — у вас ёсць такія прэзідэнцкія схільнасці, як у мяне. Вы можаце рэзка павярнуць. Але тут вам давядзецца раіцца з Раманам Аляксандравічам [Галоўчанкам]», — сказаў Лукашэнка.

Былы кіраўнік урада — 51-гадовы Раман Галоўчанка — займаў пасаду прэм’ер-міністра Беларусі з чэрвеня 2020 года. 10 сакавіка ён стаў кіраўніком Нацбанка.

Аляксандру Турчыну 49 год. Ён нарадзіўся ў Навагрудку. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання.

У 2004—2010 гадах працаваў у Карэліцкім райвыканкаме Гродзенскай вобласці, з 2010 года — у Мінскім аблвыканкаме. 

З 2018 года прызначаны на пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра.

З 2019 года — старшыня Мінскага аблвыканкама.

Турчын — не самы малады прэм'ер за час прэзідэнцтва Лукашэнкі. Міхаілу Чыгіру і Раману Галоўчанку на момант прызначэння было па 46 гадоў, Сяргею Румасу — 48, Сяргею Сідорскаму — 49.

Першай заявай Турчына на новай пасадзе стала тое, што «ніякай істотнай карэкціроўкі эканамічнага курсу не будзе». 

Адказваючы на пытанне, ці ёсць неабходнасць змяняць падыходы, ён сказаў: «Маё самае любімае выказванне — «эвалюцыя без рэвалюцый». На любой пасадзе, вядома, неабходна эвалюцыянаваць: і на пасадзе старшыні ўрада, і старшыні Мінскага аблвыканкама… Кожны кіраўнік разам са сваім прыходам прыносіць нешта новае, новы погляд на тыя ці іншыя праблемы».

«Ніякай істотнай карэкціроўкі эканамічнага курсу, вядома, не будзе. Самае галоўнае — забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё нашай краіны», цытуе Турчына дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула