«Танцавала рыба з ракам». Як па-беларуску гучыць песня з крынджовага тыктока
11.03.2025 / 15:4
Песня адрозніваецца лёгкай, рытмічнай мелодыяй, якая не толькі лёгка запамінаецца, але і надоўга застаецца ў галаве. Ролікі, запісаныя пад гэтую песню, збіраюць мільёны праглядаў, а амаль два стагоддзі таму яна карысталася не меншай папулярнасцю ў славянскім свеце.
Рыба і рак танцуюць у тыкток-роліку. Скрыншот відэа.
Песня завірусілася пасля таго, як у пачатку лютага ў тыктоку з'явіўся сюрэалістычны ролік: дзяўчына ў сукенцы з велізарнай зялёнай рыбінай галавой танчыць з хлопцам у кардыгане і пры мятліку з галавой і клюшнямі, як у рака, на фоне горнага возера.
Ролік, якія зняла ўкраінка пад нікам Крапля, сабраў ужо звыш 8,5 мільёна праглядаў. Многія засумняваліся, ці не чарговы гэта твор штучнага інтэлекту, але дзяўчына развеяла сумненні, падзяліўшыся відэа, як вырабляліся касцюмы і здымаўся ролік.
Песня «Танцювала риба з раком» была ўзятая з украінскага фільма «Згубленая грамата», часткова заснаванага на аднайменнай аповесці Мікалая Гогаля, напісанай у 1829—1831 гадах. Нягледзячы на літаратурную аснову аўтарства прызнанага класіка, фільм, завершаны ў 1972 годзе, быў забаронены савецкай цэнзурай. Яго паказалі ў абмежаваным пракаце, усяго ў некалькіх кінатэатрах, праз дзесяць гадоў — у 1983-м. Сёння фільм уваходзіць у спіс 100 найлепшых фільмаў у гісторыі ўкраінскага кіно.
Самой песенькі ў аповесці няма, але ў зборніку «Вечары на хутары ля Дзіканькі», у які яна ўвайшла, ёсць іншая аповесць, «Страшная помста», у якой ёсць намёк на песню:
«…И безъ дверець, безъ оконець.
Та вже пісні вийшовъ конець.
Танцёвала рыба зъ раком …
А хто мене не полюбить, трісця ёго матірь!»
Згадкі пра гэтую песню сустракаюцца і ў літаратурнай крытыцы па Гогалі. Але першая публікацыя тэксту песні, якую можна адшукаць сёння, датуецца 1843 годам. У той год на старонках расійскага часопіса «Библіотека для чтенія» з'явілася невялікая хвалебная рэцэнзія на сачыненне «Пра гістарычнае значэнне рускай народнай паэзіі» ўкраінскага пісьменніка і этнографа Мікалая Кастамарава:
«Въ одной этой чудесной пѣсенкѣ —
«Танцовали рыба съ ракомъ,
А петрушка съ пастурнакомъ,
А цыбуля съ чеснокомъ», —
въ одной этой пѣсенькѣ» — болѣе народной жизни, духовной. исторической и общественной, болѣе исторіи, внѣшней и внутренней, чѣмъ во всемъ сочиненіи Карамзина».
Большасць згадак гэтай песенькі недзе ў глыбіні Расіі адносіцца да ўкраінскіх перасяленцаў. На гэта паказвае тое, што расійскім этнографам, якія знаходзілі яе там, даводзіцца даваць зноску да незразумелага слова «цыбуля».
Як ні дзіўна, але песенька распаўсюджана не толькі глыбока на ўсход славянскіх земляў, але і на захад. Палякі запісваюць каверы на песню, а славакі здымаюць пад яе рэкламу для крамы Lidl. Як выявілася, у гэтых краях таксама добра ведаюць гэтую песню.
Польскі варыянт песні з партытурай апублікаваў у 1863 годзе ў сваёй кнізе «Песні польскага люду ў Верхняй Сілезіі з музыкай» нямецкі лекар і фалькларыст Юліус Рогер:
«Tańcowała ryba z rakiem,
A cebula z pasternakiem;
Pietruszka się dziwowała,
Jak cebula tańcowała.
Tańcowała wódka z banią,
Grochowionka z mietłą za nią;
Dziwajcie się, ludkowie,
Jak ta mietła tańcuje».
Гэта, відаць, найранейшая публікацыя песні па-польску, звяртае ўвагу, што ў кнізе пазначана, што яна распаўсюджана ўсюды.
Польскі варыянт песні з партытурай у кнізе «Песні польскага люду ў Верхняй Сілезіі з музыкай».
«Танцавала рыба з ракам» па-беларуску
А што ж беларусы? Натуральна, што калі ўсе суседзі-славяне ведалі такую песню, то беларусы не маглі яе не ведаць.
Найранейшую згадку пра яе можна адшукаць у артыкуле «Матэрыялы для вывучэння творчасці і побыту беларусаў. Прыказкі, прымаўкі, загадкі» беларускага фалькларыста Яўгена Ляцкага, апублікаваным у 1898 годзе:
«Таньцавала рыба з ракам, а пятрушка с пастарнакам, а цыбуля дзивавала, што так слична таньцавала».
Змешчаныя ім у артыкуле запісы збіраліся ў час яго летніх пабывак у Беларусі, а менавіта ў Гайна-Слабодскай воласці (цяпер Лагойскі раён) Барысаўскага павета Мінскай губерні, у сядзібе Альхавец і навакольных вёсках і пасёлках, большасць належыць да 1892-1893 гадоў.
Прыкладна ў той жа час, да 1897 года, радкі з гэтай песні зафіксаваў, але ў іншым канцы Беларусі, у Ваўкавыскім павеце, этнограф і фалькларыст Міхал Федароўскі. Праўда, 4-ы том яго зборніка «Люд беларускі», быў выдадзены толькі ў 1935 годзе, ужо пасля смерці даследчыка.
«Tancawała ryba z rakam, a pietruszka z pieścierniakam», — запісаў Федароўскі.
Далей песня (ці хутчэй прыпеўка) сустракаецца не аднойчы ў літаратуры, першыя два радкі звычайна нязменныя, а астатнія варыятыўныя. У сваім Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку Вацлаў Ластоўскі зафіксаваў такі варыянт:
«Танцавала рыба з ракам,
І пятрушка з пастарнакам,
А цыбуля дзівавала,
Што пятрушка танцавала».
Амаль тое ж самае спявае Адольф Быкоўскі ў камедыі «Паўлінка» Янкі Купалы. Гэтым фрагментам з пастаноўкі камедыі на хвалі трэнду падзяліўся і тыкток-акаўнт тэатра імя Янкі Купалы.
Але сустракаецца і варыянт, які канчаецца так: «А цыбуля з часнаком, Красна дзеўка з дзецюком».
Найбольш доўгая версія песні трапіла ў музычны зборнік «Дзіцячы альбом. Частка першая», які выйшаў у 2010 годзе і змяшчае беларускія народныя песні для дзяцей у арыгінальных апрацоўках:
«Танцавала рыба з ракам,
А пятрушка — з пастарнакам,
А цыбуля — з часнаком,
А маркоўка — з бураком.
Тоўста рэпа — з тонкім макам,
Тупацелі кракавякам.
Нават сумная мятла
З імі скокі завяла.
Хрэн прытупаў да іх з градкі
Паглядзець на непарадкі.
Галавою паківаў,
І з усімі паскакаў».
Хто прыдумаў гэтую песню і чаму яна так шырока распаўсюдзілася па славянскім свеце, тым не менш пакуль застаецца загадкай.