БЕЛ Ł РУС

УСУ навучыліся нейтралізаваць расійскія планерныя бомбы

10.03.2025 / 21:11

Nashaniva.com

Магутныя планерныя бомбы, якія з мінулай зімы стала ўжываць расійская армія для ўдараў па ўкраінскіх пазіцыях і гарадах, былі галоўнай вайсковай інавацыяй 2024 года. Пра іх пісалі СМІ, якія асвятляюць вайну, на іх пастаянна скардзіліся ўкраінскія салдаты і палітыкі, заклікаючы заходнія краіны дазволіць біць дальнабойнымі ракетамі па тэрыторыі Расіі, уключаючы аэрадромы. Але гэтай зімой паведамленні пра такія бомбы перасталі паступаць, і справа не ў заходніх ракетах, піша The Moscow Times.

Зруйнаваная Аўдзееўка. Фота: Getty Image

Гэтыя бомбы нельга падавіць сродкамі радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), «ад іх нельга схавацца, адзіны спосаб — гэта збіць бамбавік, які нясе такую бомбу», казаў былы міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба.

Аказалася — не адзіны. УСУ ўсё ж навучыліся глушыць датчыкі такіх бомбаў, якія кіруюць палётамі, у тым ліку з дапамогай знішчальнікаў F-16, піша The Telegraph.

Гэта не азначае, што Расія перастала скідаць такія бомбы, якія нясуць ад паўтоны да 3 тон выбухоўкі. Але запускі часта аказваюцца няўдалымі: бомбы, забяспечаныя крыламі, якія раскрываюцца, і ўніфікаваным модулем планавання ды карэкцыі (УМПК), які УСУ і навучыліся дэактываваць, без навігацыі часта падаюць удалечыні ад намечаных цэляў.

«Можна было б змяніць тактыку і траціць не адну бомбу з УМПК на адну цэль, а, напрыклад, 8. Або 16. І тады з улікам складання памылак, глядзіш, цэль знішчалася б адной нейкай бомбай з гэтай кучы, — з прыкрасцю піша Z-блогер Fighterbomber, які каментуе працу расійскіх ВПС. — Але, як вы разумееце, дакладваць прыйдзецца пра тое, што з 16 цэляў збілі ўсяго адну. А каму гэта трэба? Ну вы зразумелі».

Сродкі РЭБ у партатыўных і мабільных станцыях, якімі ўтыканая ўся лінія баявога судакранання, «зрабілі карэкцыю ўсіх сістэм усіх боепрыпасаў (не толькі УМПК), заснаваных на спадарожнікавай навігацыі бескарыснымі», піша Fighterbomber, рэзюмуючы: адзіночны УМПК сёння можа патрапіць у цэль толькі выпадкова або на палігоне.

Перадатчыкі радыёлакацыйных перашкод таксама працуюць на знішчальніках F-16, якія ў мінулым годзе стала атрымліваць Украіна.

Планерныя бомбы Расія атрымала за кошт пераробкі савецкіх фугасных авіябомбаў (ФАБ). Самалёты могуць запускаць іх, знаходзячыся за 60—70 км ад цэлі. На месцы выбуху, які можа знішчыць цэлы будынак, застаецца варонка да 6 м глыбінёй і 20 м у дыяметры.

Асабліва масава яны сталі ўжывацца мінулай зімой пры штурме Аўдзееўкі, якая была захопленая ў сярэдзіне лютага 2024 года. Актывізацыя бамбаванняў з дапамогай планерных бомбаў дазволіла значна паскорыць тэмпы знішчэння гарадоў.

Каб захапіць Бахмут, дзе гэтыя боепрыпасы былі ўжытыя ўпершыню, спатрэбіўся год, на Аўдзееўку пайшло некалькі месяцаў, а на амаль поўнае разбурэнне Ваўчанска і Часавага Яра — толькі некалькі тыдняў, пісала Associated Press па выніках аналізу фатаграфій гэтых гарадоў. Абароны ад такіх бомбаў ва УСУ не было, тлумачылі AP украінскія салдаты на перадавой.

Яшчэ ў лістападзе 2024 года планерныя бомбы спараджалі маштабныя разбурэнні, дапамагаючы расійскім войскам прасоўвацца наперад самымі хуткімі тэмпамі з пачатку вайны, адзначае The Telegraph. Але падзенне іх эфектыўнасці з тых часоў, магчыма, спрыяла таму, што ў лютым прасоўванне расійскай арміі замарудзілася трэці месяц запар.

Цім Уітынгтан, эксперт па ўзбраенні ў Каралеўскім аб'яднаным інстытуце абаронных даследаванняў (RUSI), сказаў газеце:

«Цяпер Украіна перашкаджае Расіі гарантавана паражаць цэлі за лініяй фронту. [Расійская армія] не можа ўдарыць па камандных пунктах, парушыць забеспячэнне, а значыць, яе войскі не могуць рухацца ў патрэбным ім тэмпе і здзяйсняць неабходныя манеўры на полі бою».

Чытайце таксама:

Расія ўпершыню прымяніла ва Украіне звышцяжкую авіябомбу новага тыпу

Расія паказала, як скідае трохтонныя бомбы ФАБ на Украіну

«Кроў вайны». Чым важныя атакі Украіны на расійскія НПЗ і ці ёсць ад гэтага эфект

Пуцін ужо перамалоў амаль усю спадчыну савецкага ВПК. Ці зменшыць гэта інтэнсіўнасць вайны?

Новая небяспечная тактыка Расіі: разам са смяротнымі дронамі яна адначасова запускае беспілотнікі-прынады

Каментары да артыкула